У семінарыі будуць рыхтаваць іканапісцаў

Падзеі

З новага навучальнага года ў Мінскай духоўнай семінарыі адкрыецца новае аддзяленне. Акрамя багаслоўска-пастырскага і багаслоўска-педагагічнага аддзялення ў галоўнай духоўнай установе Беларусі з’явіцца іканапіснае аддзяленне.

Падчас навучання ў семінарыі студэнты іканапіснага аддзялення авалодаюць мастацтвам іканапісу, а таксама атрымаюць багаслоўскую адукацыю, неабходную для царкоўнага мастака і мастацтвазнаўцы. Для таго, каб стаць студэнтам, абітурыенты павінны не толькі своечасова прынесці прыёмнай камісіі неабходныя дакументы, але таксама вытрымаць выпрабаванні. Экзаменатары правераць у паступаючых на іканапіснае аддзяленне цвёрдае і асэнсаванае веданне малітваў, чытанне богаслужэбных кніг на царкоўнаславянскай мове.

Тыя, хто жадае паступіць на аддзяленне іканапісца павінны паказаць свае творчыя навыкі. За шэсць гадзін, якія адвядзе камісія на выкананне практычнага задання, абітурыенты павінны будуць напісаць узор або фрагмент абраза ў колеры на паперы (30 х 20 см) акварэллю з бяліламі, гуашшу ці тэмперай (на выбар). Перавагай будуць карыстацца тыя, у каго ўжо ёсць жывапісныя і графічныя творчыя работы (нацюрморты, пейзажы, партрэты, кампазіцыі, іконы, мініяцюры, эскізы да абразоў і размалёўкаў).

Як распавялі ў прыёмнай камісіі, на спецыяльнасць іканапісца падаць дакументы могуць не толькі праваслаўныя асобы жаночага полу, але і мужчынскага. Прыёмная камісія ўжо пачала сваю працу. Апошні тэрмін падачы дакументаў – 11 жніўня. Тэрмін навучання на аддзяленні іканапісца – чатыры гады.

І. ЗІНЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *