Дрэнны сон спрыяе набору вагі, зніжае імунітэт і працаздольнасць, абвастрае хранічныя захворванні. Эксперыменты паказваюць, што некалькі дзён без сну спрыяюць развіццю тых жа працэсаў паскоранага старэння, што адбываюцца пры стрэсах.
Засынаць мы павінны хутка і лёгка, спаць без начных пабудак, абуджацца раніцай свабодна і лёгка. Забяспечце сабе для гэтага некалькі ўмоваў.
Пад спальню неабходна адвесці самы ціхі пакой. Тэмпература ў пакоі павінна быць на ўзроўні 15-18 градусаў. Калі спаць у надта цёплым памяшканні, то тэмпература цела не зможа панізіцца да аптымальнага ўзроўню, а калі надта холадна, то цела ўключыць абагрэў. У абодвух выпадках мы не дасягнем аптымальнай для сну тэмпературы. Кладзіцеся першым або спіце ў розных пакоях. Іначай не дапамагчы таму, хто пакутуе ад шумнага партнёра побач, які можа варочацца, храпці або скрыгатаць зубамі ў сне. Ложак, матрац, падушка – усё павінна падабацца і спрыяць сну. Нават у выхадныя трэба вытрымліваць рэжым. Кладзіцеся і ўставайце ў адзін і той жа час. Цела будзе адгукацца на такую звычку.
Калі вам трэба рана прачынацца, не пакідайце сур’ёзныя, цяжкія справы на вечар. Наўрад ці гэта паспрыяе расслабленню. Калі спаць днём, то зусім крыху. Можна дазволіць сабе часам дзённы сон, але не даўжэй за 30 хвілін, іначай пагоршыце сон начны. Ложак – не чытальня. Мы можам запраграмаваць сябе на добры сон, калі не будзем рабіць з ложка рабочае месца або чытальную залу.
Святло дапаможа прачнуцца. Асабліва святло сонечнае. Ранні пад’ём павінен суправаджацца актыўнай дзейнасцю, якая прыносіць максімальную карысць і вынік. Калі не запоўніць справамі ранішні час пасля ранняга пад’ёму, мозг проста не зразумее, для чаго трэба было прачынацца так рана.
Ад кавы ўвечары трэба адмовіцца. Замяніце кафеін на напоі, якія сапраўды заспакойваюць. Напрыклад, малако з невялічкай колькасцю мёду. Не ўжывайце алкаголь – гэта пагоршыць якасць сну. Сон будзе неглыбокім, з частымі прачынаннямі. Нікацін стымулюе, як і кафеін. Так што не курыце перад сном, а лепш — не курыце зусім і ніколі.
Калі ж парушэнні сну не праходзяць доўгі час, звярніцеся па кансультацыю да спецыяліста.
А. ГІРЫК,
тэрапеўт Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы