Раённыя газеты павінны стаць шматфункцыянальнымі медыйнымі цэнтрамі

Падзеі

Раённыя газеты павінны стаць шматфункцыянальнымі медыйнымі цэнтрамі. Такое меркаванне выказаў, размаўляючы з журналістамі, намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, які сёння прымае ўдзел у рэгіянальным семінары «Інфармацыйнае забеспячэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельскай вобласці і задачы сродкаў масавай інфармацыі», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«У сучасных умовах рэдакцыі раённых газет павінны стаць своеасаблівымі медыйнымі цэнтрамі, якія будуць выкарыстоўваць у рабоце самыя розныя спосабы і сродкі», — сказаў намеснік міністра. У якасці прыкладу ў Гомельскім рэгіёне Аляксандр Карлюкевіч прывёў дзейнасць рэдакцыі абласной газеты «Гомельская праўда», якая развівае і радыё, і інтэрнэт-партал. «Такімі ж цэнтрамі павінны стаць рэдакцыі, няважна, у Мазыры або Нароўлі, у вялікім горадзе або маленькім, працуе там 15 супрацоўнікаў або 3-5», — падкрэсліў ён.

Таксама Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што практычна 95 працэнтаў рэгіянальных выданняў прысутнічаюць на партале «БелСМІ». «Гэта сведчыць аб тым, што журналісты імкнуцца выкарыстоўваць розныя пляцоўкі для агучвання сваіх тэм», — лічыць намеснік міністра.

Гомельская вобласць следам за Віцебскай і Гродзенскай стала трэцім рэгіёнам, дзе праводзіцца семінар, нацэлены на павышэнне эфектыўнасці ўдзелу СМІ ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Абмеркаванні пройдуць ва ўсіх абласцях, на заканчэнне запланавана падагульняючае мерапрыемства ў Мінску восенню гэтага года.

Удзельнікамі рэгіянальнага семінара «Аб інфармацыйным забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельскай вобласці і задачах сродкаў масавай інфармацыі» сталі кіраўнікі органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі Гомельскага аблвыканкама, УП «БелТА», РУП «Белпошта», Інстытута журналістыкі БДУ, начальнікі галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў Гомельскай вобласці, начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гаррайвыканкамаў, журналісты, кіраўнікі рэгіянальных СМІ.

Арганізатарам мерапрыемства з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Беларусі, Гомельскі аблвыканкам.

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *