У Дзятлаве асвяцілі новы храм

Падзеі

У рамках святкавання 700-годдзя Навагрудскай епархіі 25 лістапада 2017 года Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел з мітрапалітамі, архіепіскапамі і епіскапамі з Расіі, Украіны, Беларусі і духавенствам здзейсніў чын асвячэння храма ў гонар Святых новамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у горадзе Дзятлаве.

З раніцы прыхаджане і госці горада пачалі збірацца на царкоўным двары — чакалі прыбыццё каўчэжца з часцінкамі святых мошчаў новамучанікаў і спаведнікаў расійскіх, якія пацярпелі за веру ў гады бязбожных ганенняў на праваслаўную Царкву. Каўчэжац быў створаны па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, таксама па рашэнні Святога Сінода да 100-годдзя эпохі ганенняў на Рускую праваслаўную царкву.

У каўчэжцы сабраны часцінкі мошчаў іерархаў, святароў і веруючых, якія пацярпелі за веру ў гады ганенняў. Сярод іх — часцінкі мошчаў свяціцеля Ціхана Маскоўскага, свяціцеля Лукі Крымскага і многіх іншых падзвіжнікаў.

Каўчэжац з мошчамі ўрачыста ўнеслі ў храм, але большасць вернікаў засталася на вуліцы чакаць прыезду Уладыкі Паўла. Кветкамі яго сустракалі юныя дзятлаўчане, хлебам-соллю на парозе новага храма ад імя прыхаджан павітала Галіна Мілейка.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел са святарамі здзейсніў чын асвячэння храма, пасля якога адбылая Божая літургія ў новым храме. На ёй таксама прысутнічалі ганаровыя госці — памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, кіраўнік спраў Гродзенскага аблвыканкама Ігар Папоў, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, а таксама старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, яго намеснік Ігар Кухарэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка.

Пасля літургіі Мітрапаліт Павел звярнуўся да прысутных з пропаведдзю, у якой адзначыў, што асвячэнне храма ў гонар Святых новамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у горадзе Дзятлаве — падзея доўгачаканая і вельмі радасная для вернікаў горада. Сімвалічна, што яна адбылася ў год святкавання 700-годдзя Навагрудскай епархіі.

Ад імя Гродзенскага аблвыканкама з асвячэннем храма святароў і вернікаў павіншаваў Ігар Папоў і ўручыў падарункі. Да словаў віншавання далучыўся старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён перадаў новаму храму іконы.
Напрыканцы вернікі змаглі прыкласціся да каўчэжца з часцінкамі святых мошчаў.

 

І. КАЎКЕЛЬ



Теги:

3 комментария по теме “У Дзятлаве асвяцілі новы храм

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *