Муляры. З гісторыі вёскі

Да ведама грамадзян

Муляры месцяцца на градзе за кіламетр ад асфальтавай дарогі з Дзятлава ў Дварэц. У справе за 1886 год “Вопросные листки и обложки к ним о населённых пунктах на землях, входивших в состав Дворецкой волости Слонимского уезда” вёска занесена ў “Дворцовую волость” і пазначана пры ўрочышчы Селішчы.

У справе “Дело о выдаче копий планов и люстрационных планов жителям Гродненской губернии” ў дакументах, згрупаваных за перыяд з 4 студзеня 1890 па 16 мая 1891 года, яе назва ўдакладняецца паводле трохверставой карты як Муляры, а не Маляры. Тапонім Муляры зафіксаваны ў множным ліку і адпавядае беларускаму найменню прафесіі – муляр (па-руску “каменщик”). Мулярамі на Беларусі звычайна называлі людзей, якія прафесійна займаліся апрацоўкай каменя, брукоўкаю дарог, складаннем печаў, будынкаў з каменю і цэглы. Гэта прафесія на Беларусі даўняя. Замкі з каменя і цэглы будуюцца на нашай зямлі з XІV, а храмы ўзводзяцца з ХІ-ХІІ стагоддзяў. Відавочна, што гісторыя насельнікаў вёскі Муляры сягае ў даўніну.

У Інвентары “Здетельскага” маёнтка князя Канстанціна Астрожскага ад 1580 года ўзгадваецца па вуліцы Памарайка Ян па прозвішчы Муляр. Магчыма, што ён ці яго продкі, нашчадкі з сям’і Муляроў, і заснавалі вёску. У XVI стагоддзі вёска з такой назвай яшчэ не зафіксавана пісьмова. Размяшчэнне яе каля ўрочышча Селішчы засведчыла былое старадаўняе пасяленне. Пераемнасць пасяленняў на адным і тым жа месцы праз колькі стагоддзяў прасочана і на прыкладзе вёскі Міклашы. Верагодна, навасёлы выбіралі ўчасткі з апрацаванай калісьці зямлёй, пра што ім падказвала назва “Селішча”.

19 снежня 1875 года прыватны каморнік (землямер) Іосіф Дамброўскі склаў план часткі “дачи в деревне Муляры, выделенной крестьянам из имения Дворец”, які прыпадаў на ўрочышча “Кецевщина” на мяжы зямельных уладанняў вёсак Муляры, Малдуці і “Слойковщизны”. Руку прыклалі (паставілі подпісы ў якасці пацвярджэння і згоды) памешчык Іван Фядотавіч Завіша і дваранін Іосіф Юр’евіч Райкевіч. Аднак Іван Варфаламеевіч Кец, жыхар вёскі Муляры, ад падпісання гэтага плана адмовіўся, пра што міравым з’ездам быў складзены акт 20 студзеня 1876 года. Падпісаў гэты акт старшыня міравога з’езду Н. Мураўёў. За неадукаванага Івана Кеца ад подпісу адмовіўся Мількевіч.

Што з названага дакумента вынікае? Што вёска Муляры ўжо існавала ў другой палове ХІХ стагоддзя, і ў яе падсяляліся новыя гаспадары. Значыць, узрост паселішча не абмяжоўваецца ХІХ стагоддзем.

Прозвішча аднаго з жыхароў вёскі Муляры – Кец зафіксавана ў назве ўрочышча “Кецевщина”. Назва ўрочышча – гэта ўстойлівы і з доўгай гісторыяй тапонім. Верагодна, што продкі І. В. Кеца здаўна мелі нейкі надзел зямлі, які і атрымаў назву ад прозвішча гэтай сям’і. Відаць, І. В. Кец таму і адмовіўся паставіць свой подпіс пад планам, што новае размежаванне закранала частку яго старадаўняга зямельнага надзела і не на яго карысць. Верагодна, каморнік не ўлічыў якраз гэту старадаўнасць. А подпісы мясцовых землеўладальнікаў І. Ф. Завішы і І. Ю. Райкевіча на плане паказваюць на тое, што зямельныя надзелы сялян былі выдзелены з колішняй памешчыцкай зямельнай маёмасці.

Узгаданая ў дакуменце “Слойковщизна” адпавядае пазначанаму на тапаграфічнай карце 1974 года тапоніму “Слайковщина”. Ні ў познім сярэднявеччы, ні сёння такой вёскі ў пераліку паселішчаў Гродзеншчыны няма. На карце гэты тапонім нанесены побач з вёскай Рыбалава. У ХХ стагоддзі тапографы зафіксавалі пад такой назвай урочышча, або, магчыма, і пасяленне з адной сядзібы. Калі правесці ўмоўную лінію ад Малдуцяў праз Муляры і да “Слайковщины” (Рыбалава), якая пралягла з поўначы на поўдзень, то становіцца зразумелым, што ўздоўж гэтай лініі былі ўладанні І. Ф. Завішы і І. Ю. Райкевіча, падпісантаў на плане каморніка.

Назва “Слойковщизна” (Слайковщина ў ХХ стагоддзі) паходзіць ад мянушкі Слайка або Слойка. У рэгіянальнай літоўскай гаворцы слова slaik як абагульняючае і для іншых вытворных словаў гэтага гнязда абазначае стройны стан, аблічча асобы. Магчыма, што першы носьбіт такой мянушкі меў прывабны фізічны выгляд, а потым і пасяленне назвалі “Слойковщизна”. Мянушка надалей магла стаць асновай такіх прозвішчаў, як Слайкоўскі. Яно шырока распаўсюджана і зафіксавана ў тэлефонных даведніках Гродна, Гомеля, іншых гарадоў Беларусі і нават гарадоў Украіны, Расіі. Тапонім “Слойковщизна” Дзятлаўскага раёна задавальняе крытэрыі спадчыннага пасялення, назва якога атрымана ад імя-мянушкі.

У 1958 годзе балта-славянская лінгвістычная экспедыцыя маскоўскіх навукоўцаў даследавала моўную спадчыну Дзятлаўскага раёна і зафіксавала балцкія назвы паселішчаў, мясцін, прозвішчы і імёны насельнікаў, мясцовую гаворку. У Дзятлаве адзначана прозвішча Kiec, а ў Мулярах – Kieт. Прозвішча жыхара Муляроў трошкі адрозніваецца ад дзятлаўскага, але мы ўжо ведаем, што пры афармленні пашпартоў маглі некарэктна запісаць сапраўдную перадачу гукаў у прозвішчы. Магчыма, што і муляроўская радзіна Кет калісьці прыходзілася сваякамі дзятлаўскай радзіне Кецаў.

Прозвішча Кец, альбо Кет не мае якіх-небудзь славянскіх каранёў. Звернемся да літоўскага слоўніка. Слова kietis перакладаецца як “горкі палын”, a другое – kietis адрозніваецца заўважна іншым вымаўленнем і мае адно са значэнняў – цвёрдасць. Цікава. Можа, мянушку першаму носьбіту далі за яго цвёрды і незгінальны характар? У падтрымку літоўскага паходжання прозвішча Кец спашлюся на работу М. В. Бірылы і А. П. Ванагаса “Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы”, дзе прыведзена назва вёскі Кецішкі Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, аснова якой суаднесена з сучасным літоўскім прозвішчам Кетіс.

У блізкай суфіксальнай форме называюць дакументы ХІХ і ХХ стагоддзяў назвы “Слойковщизна” і ўрочышча “Кецевщина”. Як адзначаюць беларускія навукоўцы М. В. Бірыла і В. П. Лемцюгова, назвы з суфіксамі “-щина”, “-щизна” звычайныя для спадчынных уладанняў. Наяўнасць такіх айконімаў з зычным элементам “-з” тлумачыцца ўплывам польскай мовы, а максімальная канцэнтрацыя іх была адзначана ў Слонімскім павеце і складала 5,4 працэнта. Асновай назваў “Слойковщизна” і “Кецевщина” сталі імёны-мянушкі колішніх жыхароў ці ўладальнікаў земляў.  Паводле ўзгаданых навукоўцаў, дадзеная форма назваў узнікае ў XV–XVII стагоддзях. Вёска Муляры не засведчана ў познім сярэднявеччы, значыць была заснавана ў XVIII–ХІХ стагоддзях. Выкарыстанне ў тагачасным беларускамоўным асяроддзі сярэднявечнай суфіксальнай тапанімічнай формы выстаяла насуперак планамернай русіфікацыі з боку дзяржаўных установаў Расійскай імперыі па ўсіх накірунках.

Колькасць насельніцтва вёскі Муляры змянялася на працягу апошняга часу. У 1878 годзе тут налічвалася 19 двароў, у 1905 годзе – 257 жыхароў, у 1996 годзе – 10 двароў, 14 жыхароў. Сёння ж ці набярэцца палова дзясятка насельнікаў.

П. Русаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *