Вада і бяда. На жаль, гэтыя два словы часта становяцца сінонімамі. Нягледзячы на папярэджанні службы выратавання на вадзе, павучальныя сюжэты тэлеперадач, гібель людзей на вадаёмах усё роўна здараецца. Аматараў водных працэдураў не спыняюць ні халодная вада, ні незнаёмае месца, ні забаронныя знакі.
Так здарылася на вадаёме ў аграгарадку Войневічы. 19-гадовы сланімчанін па размеркаванні Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа 1 жніўня павінен быў пачаць працоўную дзейнасць механікам у КСУП “Войневічы”. Нядзельнай раніцай 30 ліпеня бацькі прывезлі хлопца ў аграгарадок, дапамаглі яму засяліцца ў часовае жыллё і са спакойнай душой, што ўсе арганізацыйныя пытанні вырашаны, адправіліся дадому. А каля 19 гадзін яны атрымалі страшную вестку – сын патануў.
Як паведаміў старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі выратавання на вадзе Уладзімір Баравік, трагедыя адбылася на вадаёме ў Войневічах, дзе купанне забаронена. Хлопец купаўся адзін. Выпадковы сведка заўважыў, што на дамбе вадаёма ляжыць вопратка, а ў вадзе нікога няма, бачны толькі бурбалкі. Мужчына кінуўся ў ваду і выцягнуў хлопца на бераг, спрабаваў рабіць яму штучнае дыханне, але безвынікова – малады чалавек загінуў.
Па прагнозах сіноптыкаў, жнівень абяцае быць спякотным – жадаючых адпачыць каля вадаёмаў будзе шмат. У сувязі з гэтым Уладзімір Баравік заклікаў дзятлаўчан у час адпачынку ля вады быць асцярожнымі і ўважлівымі, купацца толькі ў дазволеных месцах, не пакідаць дзяцей без нагляду, не лезці ў ваду ў нецвярозым стане.
І. КАМАРОВА