КДК: аб падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю-2017

Падзеі

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці ў ходзе праведзенага маніторынгу ўстаноўлена, што не ва ўсіх гаспадарках вобласці прыняты належныя меры па своечасовым рамонце збожжаўборачных камбайнаў і падрыхтоўцы збожжаачышчальнага і сушыльнага абсталявання.

Гатоўнасць збожжаўборачных камбайнаў знаходзіцца на нізкім узроўні.

Так, у КСУП “Азяранскі” Мастоўскага раёна на 19 чэрвеня 2017 года ўсе 17 збожжаўборачных камбайнаў знаходзіліся ў стадыі рамонту. Аналагічная сітуацыя ў ЗАТ “Гудзевічы” гэтага ж раёна, дзе 13 збожжаўборачных камбайнаў знаходзіліся на рамонце. У ДП “Зара і К” Ваўкавыскага раёна на 20 чэрвеня 2017 з 17 збожжаўборачных камбайнаў у спраўным стане знаходзіліся 5 (29%), у ДСУП “Падароск” гэтага ж раёна з 13 — спраўныя 5 камбайнаў (38%). Варта адзначыць, што на названыя даты значная частка камбайнаў не была нават знята з захоўвання.

Выяўлена таксама нізкая гатоўнасць збожжаачышчальнага і сушыльнага абсталявання.

У КСУП “Дружба-Агра” Слонімскага раёна патрабаваўся рамонт абодвух наяўных сушылак. Пры гэтым 19 чэрвеня 2017 рамонт не праводзіўся паколькі работнікі знаходзіліся на вучобе па 23 чэрвеня 2017 года. Не быў завершаны рамонт сушыльнага абсталявання ў філіяле “Князева” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Зэльвенскага, КСУП “Трокельскі” Воранаўскага раёнаў.

Па стане на 5 ліпеня 2017 не праводзіліся рамонтныя работы на двух збожжасушыльных комплексах (КЗСВ-30 і СЗК-15), размешчаных паблізу рамонтнай майстэрні “Каменны Лог” і КСУП “Прыгранічны” Ашмянскага раёна. Пры гэтым збожжасушылкі няякасна ачышчаны.

Маніторынгам устаноўлены факты скажэння аператыўнай справаздачнасці аб гатоўнасці як камбайнаў, так і сушыльных комплексаў.

Так, у філіяле “Князева” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” Зэльвенскага раёна згодна з раённай зводкай былі гатовы да работы 8 з 15 камбайнаў. Пры гэтым 4 камбайны не зняты з захоўвання, ні адзін з камбайнаў на 100% не гатовы. Толькі 6 камбайнаў мелі гатоўнасць 90% і патрэбу ў рэгулявальных работах.

Аналагічныя факты скажэння аператыўнай справаздачнасці аб гатоўнасці збожжаўборачных камбайнаў выяўлены ў КСУП “Агра-Ліпнішкі” і КСУП “Юрацішкі” Іўеўскага, КСУП “Прыгранічны” Ашмянскага, КСУП “Бародзічы” Зэльвенскага, ААТ “Першамайск-Агра” Шчучынскага, КСУП “Кастрычнік” Воранаўскага раёнаў, што ставіць пад сумненне дакладнасць абласной зводкі аб гатоўнасці збожжаўборачных камбайнаў да ўборкі-2017.

Не гатова да ўборкі і складская гаспадарка. У КСУП “Бародзічы” Зэльвенскага раёна склады не былі прадэзінфікаваны. У складзе часовага захоўвання пры збожжасушыльным комплексе яшчэ захоўваецца мука. Шалі няспраўныя, рамонт не праведзены. У КСУП “Вавёрка-Агра” Лідскага раёна часовае складское памяшканне не пабелена, захоўваюцца рэшткі насення рэдзькі алейнай, поліэтыленавыя мяшкі. У гаспадарках Іўеўскага раёна праведзена дэзінсекцыя толькі ў 18 (34%) зернескладах з 53 наяўных, пры гэтым у КСУП “Юрацішкі”, нягледзячы на 100% забеспячэнне гаспадаркі прэпаратамі для дэзінсекцыі складоў, да выканання дадзенай работы не прыступалі.

А. САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *