Яўген Аляксеевіч Мацвееў: імя ў Кнізе Славы Дзятлаўскага раёна

Падзеі

Нашы знакамітыя землякі

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца Кніга Славы. На яе старонках знаходзяцца звесткі пра Яўгена Аляксеевіча Мацвеева, доктара-фтызіятра вышэйшай кваліфікацыі, узнагароджанага з 1972 годзе значком “Выдатнік аховы здароўя”, паэта і таленавітага майстра, які працаваў з дрэвам.

Нарадзіўся Яўген Аляксеевіч Матвееў 2 снежня 1937 года ў вёсцы Ракітня, цяпер — Пыталаўскага раёна Пскоўскай вобласці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны страціў бацьку. Голад і холад ваеннага ліхалецця выклікалі ў Яўгена Мацвеева цяжкую хваробу. Нягледзячы на яе, хлопец паспяхова скончыў школу і Мінскі медінстытут. Затым Яўген Аляксеевіч усё сваё жыццё працаваў доктарам у рэспубліканскім санаторыі “Наваельня” ў г. п. Наваельня Дзятлаўскага раёна.

Паэт. Доктар-фтызіятр вышэйшай кваліфікацыі. Заслужаны доктар Рэспублікі Беларусь. Народны мастак, працы якога захоўваюцца ў краязнаўчых музеях гарадоў Гродна і Дзятлава. Мастацкі кіраўнік, рэжысёр і акцёр народнага самадзейнага тэатра гарпасёлка Наваельня. Дыпламант многіх рэспубліканскіх фестываляў. Усё гэта – пра Яўгена Аляксеевіча  Мацвеева.

Яўген Мацвееў яшчэ са школы авалодваў паэтычным словам. Паэзія цесна пераплялася ў аўтара з яго прафесіяй медыка. Пісаў усё жыццё, але друкавацца пачаў позна. Паспеў выпусціць шэсць кніг вершаў. Смерць напаткала яго ў пачатку працы над сёмай кнігай, якую завяршылі яго магілёўскія сябры па Беларускім літаратурным саюзе “Полацкая галіна”, у які паэт уваходзіў з ліпеня 1995 года.

Пра творчасць паэта прыхільна выказваліся супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўанага ўніверсітэта: доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Аўтуховіч, доктар філалагічных навук, прафесар Марыя Канюшкевіч, кандыдат філалагічных навук Людміла Смольская, а таксама ўдзельнік Беларускага ПЕН-клуба, сакратар секцыі паэзіі Беларускага літаратурнага саюза “Полацкая галіна”, паэт і літаратуразнаўца Эдуард Мядзвецкі (усе чацвёра пісалі прадмовы да яго кніг).

Яўген Мацвееў намінаваўся Беллітсаюзам “Полацкая галіна” на прэмію Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва 2004 года за кнігу паэзіі “Храня любви небесный свет”. Публікаваўся ў літаратурна-публіцыстычным часопісе “Заходняя Дзвіна” і газеце “Веснік культуры”.

У школьным краязнаўчым музеі гарпасёлка Наваельня ёсць экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці паэта Яўгена Матвеева, а ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі цяпер працуе выстава, прысвечаная доктару, паэту, майстру.

І. ЯКАЎЧЫК,

галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *