Дзіцячыя дапамогі цяпер будуць пераразлічвацца двойчы ў год

Падзеі

Хто зможа атрымліваць даплату да дапамогі па цяжарнасці і родах? Ці могуць прызначыць дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў іншым сваякам (не бацькам дзіцяці), калі яны не знаходзяцца ў працоўных адносінах, і якія ўмовы для гэтага павінны быць выкананы? У Беларусі прыняты Закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». Разгледзім асноўныя яго навацыі.

 

Новым законам замацавана, што дзяржаўныя дапамогі прызначаюцца на дзяцей пры ўмове, калі на дзень звароту па дапамогу тыя зарэгістраваны па месцы жыхарства (месцы знаходжання) і фактычна пражываюць у Беларусі.

Жанчыны, якія сталі на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці не ў дзяржаўных, а ў іншых арганізацыях аховы здароўя, цяпер таксама маюць права на атрыманне аднаразовай дапамогі, прадугледжанай у сувязі з пастаноўкай на такі ўлік.

Уведзена даплата да дапамогі па цяжарнасці і родах асобным катэгорыям жанчын, якія атрымліваюць гэту дапамогу ў мінімальным памеры.

Прадастаўлена права на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў іншым сваякам дзіцяці (не яго бацькам), калі яны, быўшы індывідуальнымі прадпрымальнікамі, натарыусамі, адвакатамі, рамеснікамі, асобамі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы аграэкатурызму, прыпынілі сваю дзейнасць у сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Раней такія асобы мелі права на такую дапамогу, толькі калі знаходзіліся ў працоўных адносінах і аформілі водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3 гадоў.

Памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў будзе пераразлічвацца замест чатырох разоў — два разы на год (з 1 лютага і з 1 жніўня). У выпадку змяншэння сярэднямесячнай зарплаты работнікаў у краіне, з якой налічваецца такая дапамога, яе памер будзе заставацца на ранейшым узроўні.

Урэгуляваны парадак прызначэння аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці замежным грамадзянам, што прыбылі ў Беларусь, а таксама грамадзянам Беларусі, якія зарэгістраваныя ў нашай краіне, але пражываюць за яе межамі.

Для таго каб часова пражываючыя ў нашай краіне замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства атрымалі права на прызначэнне дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, перыяд выплаты імі абавязковых страхавых унёскаў на сацыяльнае страхаванне павінен складаць не менш за 6 месяцаў; для грамадзян Беларусі ў выпадку нараджэння дзіцяці за мяжой — неабходна пражыванне аднаго з бацькоў у краіне не менш за 6 месяцаў.

Удакладнена права на атрыманне дзяржаўнай дапамогі пры знаходжанні дзяцей-інвалідаў у інтэрнаце ў перыяд аказання сям’і паслугі сацыяльнай перадышкі (такая паслуга можа прадастаўляцца сям’і на тэрмін да 28 каляндарных дзён у годзе).

Будзе праводзіцца выплата дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у поўным памеры індывідуальным прадпрымальнікам і іншым асобам, якія самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, калі яны знаходзяцца ў працэсе спынення прадпрымальніцкай дзейнасці альбо прыпынілі яе па прыгаворы суда, або ў сувязі з прыпыненнем ліцэнзіі на ажыццяўленне дзейнасці.

Прадастаўлена права на атрыманне дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у поўным памеры пры праходжанні падрыхтоўкі ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме за кошт уласных сродкаў.

Уведзена новая катэгорыя сем’яў, якія маюць права на дапамогу на дзяцей, старэйшых за 3 гады, — гэта будуць таксама сем’і, у якіх бацька (айчым) праходзіць альтэрнатыўную службу.

 

Сем’і, у якіх бацькі з’яўляюцца інвалідамі І або ІІ групы або адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам І групы, а другі ажыццяўляе догляд за ім з атрыманнем дапамогі па доглядзе, будуць мець права на дапамогу на дзяцей, старэйшых за 3 гады, да дасягнення дзецьмі ўзросту 18 гадоў без якіхсьці ўмоў да іх навучання. Гэта значыць, што такія сем’і змогуць атрымліваць дапамогу на дзяцей, якія навучаюцца на бюджэтнай аснове, на завочнай (дыстанцыйнай) або вячэрняй форме навучання, і на дзяцей, якія спынілі навучанне пасля заканчэння школы.

Бацькі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цяпер будуць мець права атрымліваць дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў і адначасова працаваць на 0,5 стаўкі або выконваць працу дома. Таксама бацькі дзіцяці-інваліда будуць мець права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў і ў выпадку атрымання імі пенсіі альбо штомесячнай страхавой выплаты ад Белдзяржстраха (да гэтага такое права мелі толькі бацькі з інваліднасцю).

Павышаецца памер дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў да 120% бюджэту пражытковага мінімуму для асоб, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў з ІІІ або ІV ступенню страты здароўя.

Прадастаўлена права бацькам (усынавіцелям, апекунам, папячыцелям) дзіцяці-інваліда на атрыманне дапамогі па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці-інваліда на перыяд яго санаторна-курортнага лячэння, медыцынскай рэабілітацыі — у тых выпадках, калі атрымальнікам дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў з’яўляецца іншая асоба або другі з бацькоў, якія не змогуць ажыццяўляць догляд дзіцяці-інваліда ў гэты перыяд па аб’ектыўных прычынах.

Павялічаны тэрмін для звароту па прызначэнне дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці для ўсынавіцеляў (удачарыцеляў) і апекуноў, пры ўсынаўленні, устанаўленні апекі над дзіцем ва ўзросце да 6 месяцаў (устаноўлены для падачы заявы 6-месячны тэрмін будзе вылічацца не з дня нараджэння дзіцяці, а з дня ўсынаўлення, устанаўлення апекі).

У адпаведнасці з законам атрымальнікі дзярждапамог абавязаны паведамляць не пазней за 5 дзён пра надыход абставін, якія цягнуць за сабой спыненне выплаты дзяржаўных дапамог. У гэтым выпадку выплата дапамогі будзе спыняцца з наступнага месяца, пры парушэнні дадзенага тэрміну — з дня наступлення такіх абставін.

Калі дзіця нараджае непаўналетняя маці і на яе на саму прызначана дапамога, то ў выпадку нараджэння ёю дзіцяці без рэгістрацыі шлюбу выплата на яе дапамогі працягнецца.

Закон уступіў у сілу з 1 ліпеня гэтага года, за выключэннем новаўвядзення, якое датычыцца перыядычнасці пераразліку памераў дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да гадоў — яно ўступіць у сілу з жніўня гэтага года.

Святлана Бусько

Звязда

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *