Архіўнае фота: сустрэча ў гонар 30-годдзя Перамогі

Падзеі

Як ужо было адзначана ў нашай газеце (№46 ад 17 чэрвеня 2017 года), пасля прыходу да ўлады ў Савецкім Саюзе Л. І. Брэжнева ў краіне сталі шырока адзначаць Дзень Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў. Дзень Перамогі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР зноў стаў выхадным днём. У многіх месцах праходзілі ваенныя парады, іншыя маштабныя святочныя мерапрыемствы.

У нашым раёне таксама з 1965 года шырока стаў адзначацца Дзень Перамогі. У святочныя дні на плошчы Дзятлава ў мітынгах і дэманстрацыях заўсёды ў першых шэрагах разам з працоўнымі ішлі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны – былыя франтавікі, партызаны, падпольшчыкі.

Акрамя таго, у юбілейныя гады праводзіліся сустрэчы былых воінаў з моладдзю. Стала традыцыяй ладзіць гэтыя мерапрыемствы ў месцах, дзе дыслакаваліся партызанскія атрады.

Такая сустрэча адбылася, у прыватнасці, 19 ліпеня 1975 года каля дома адпачынку “Рэчанька” калгаса “Слава працы” імя 50-годдзя камсамола Беларусі. У ёй прынялі ўдзел былыя партызаны і падпольшчыкі Дзятлаўскага, Слонімскага, Зэльвенскага, Мастоўскага, Шчучынскага раёнаў. Сустрэча была прысвечана 30-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў і чарговай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На ёй прысутнічалі шматлікія дэлегацыі ветэранаў вайны, а таксама працоўных і моладзі названых раёнаў.

Удзельнікамі сустрэчы былі і многія былыя кіраўнікі партызанскага руху Шчучынскага злучэння, у якое ўваходзілі партызанскія атрады названых раёнаў. На фотаздымку (злева направа ў першай шарэнзе) – камандзір партызанскага злучэння Сцяпан Пятровіч Шупеня, першы сакратар Дзятлаўскага райкама КПБ Іван Вікенцьевіч Крыжаноўскі, другі сакратар РК КПБ Іосіф Андрэевіч Нячай, былы камандзір партызанскай брыгады імя Леніна Георгій Аляксеевіч Шубін. У другой шарэнзе злева направа – старшыня РК народнага кантролю Георгій Раманавіч Хіневіч, намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Паўлавіч Калпінскі, рэдактар раённай газеты “Перамога” Рыгор Пятровіч Кавальчук, крайні справа – старшыня калгаса “Слава працы” імя 50-годдзя камсамола Беларусі Павел Фёдаравіч Сарадоеў.

А. ЛЯХ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *