На абароне законных інтарэсаў людзей

Падзеі

Без закона не існуе грамадства, бо калі законы папіраюцца, у грамадстве пачынаюцца хаос і разлад. Чалавецтва за час свайго існавання не раз упэўнілася ў справядлівасці гэтай высновы. А таму прафесія юрыста — знаўцы і абаронцы закона і людзей — заўжды была запатрабаванай і пачэснай, цікавай і мнагаграннай. У наш час юрысты прадстаўляюць розныя галіны права, а таму паспяхова працуюць у многіх установах і арганізацыях, пачынаючы ад прадпрыемстваў, заканчваючы праваахоўнымі органамі.
Аб асаблівасцях прафесіі юрыста-праваахоўніка карэспандэнтка газеты пагутарыла з начальнікам аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама А. Жалнерчыкам.

— Анатоль Вацлававіч, раскажыце, чаму вы абралі прафесію юрыста?
— Прызнацца, гэта быў свядомы выбар, хаця лёс унёс некаторыя карэктывы ў мае задумкі. З дзяцінства я марыў стаць абаронцам Айчыны, служыць ва Узброеных Сілах тады яшчэ Савецкага Саюза. Паступіць у ваенную навучальную установу з першай спробы не ўдалося, але гэта мяне не засмуціла, таму што ішоў служыць у армію, дзе таксама можна было пачаць кар’еру ваеннага. У ваенкамаце прапанавалі службу ва ўнутраных войсках, я згадзіўся. У войску зразумеў, што служба ў міліцыі мяне зацікавіла. Яшчэ ў школьныя гады я быў нецярпімы да дрэнных учынкаў: абурала, калі крыўдзілі слабейшага, падманвалі людзей, кепска сябе паводзілі. А работа праваахоўніка якраз скіравана на барацьбу з гэтымі негатыўнымі з’явамі ў грамадстве, на абарону законных правоў грамадзян.
— Як складваўся далейшы лёс?
— Пасля арміі скончыў Калінінградскую школу міліцыі. Службу пачынаў у Лідскім райаддзеле ўчастковым інспектарам. Адначасова вучыўся на завочным аддзяленні Акадэміі МУС. Праз чатыры гады быў пераведзены ў аддзел крымінальнага вышуку, дзе адпрацаваў 14 гадоў, з іх 6 — на пасадзе начальніка. Ліда — даволі крымінальны горад, служба была напружаная і адказная. Улічваючы высокую крымінальную актыўнасць, працаваць даводзілася без выхадных, нягледзячы на тое, што ў штаце было 28 супрацоўнікаў. На сон найчасцей заставалася па некалькі гадзін у суткі, прычым, галава працавала пастаянна: як раскрыць чарговае злачынства, знайсці вінаватага, даказаць віну. Такое жыццё паступова стала звыклым. Калектыў аддзела крымінальнага вышуку быў зладжаны, надзейны, спрацаваны. Усе мы выдатна разумелі сэнс слова «трэба», не лічыліся з уласным часам.
Нягледзячы на цяжкасці, работа была мне па душы, таму не адразу згадзіўся, калі з упраўлення ўнутраных спраў паступіла прапанова стаць першым намеснікам начальніка Ваўкавыскага райаддзела міліцыі. Аднак давялося прыняць станоўчае рашэнне, бо сярод маіх падначаленых былі вопытныя супрацоўнікі, якім таксама трэба было расці прафесійна, я гэта разумеў. Дарэчы, многія нашы лідскія аператыўнікі сёння паспяхова ўзначальваюць рэгіянальныя аддзелы міліцыі: Аляксандр Шэстала — Шчучынскі, Дзмітрый Уляшка — Ашмянскі, Аляксандр Рэба стаў першым намеснікам начальніка Слонімскага АУС.
Пасля Ваўкавыска, у ліпені 2010 года, мяне назначылі на пасаду начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама, так трапіў на Дзятлаўшчыну.
— І як вам тут працуецца?
— У плане крымінагеннай актыўнасці Дзятлаўшчына даволі неспакойны раён. Тут знаходзяцца Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод, Парэцкі спіртзавод, Наваельнянская туббальніца, санаторый «Радон», у пасёлку Гезгалы жывуць каля 300 перасяленцаў, схільных да асацыяльных паводзінаў. Усё гэта ўплывае на крымінагенную абстаноўку. Штогод мы фіксуем высокі ўзровень злачыннасці з боку асобаў, якія маюць судзімасць. Таму і работу ладзім з улікам гэтых акалічнасцяў.
— А чаго вы, як кіраўнік, патрабуеце ад сваіх падначаленых?
— Безумоўнага выканання службовых абавязкаў. Справа ў тым, што наша службовая дзейнасць урэгулявана шматлікімі нарматыўна-прававымі актамі ўнутранага зместу. Перш чым брацца за справу, варта вывучыць службовыя інструкцыі і загады, адпаведна ім арганізоўваць сваю работу. Па гэтай прычыне супрацоўнікам міліцыі даводзіцца пастаянна ўдасканальваць узровень ведаў: вывучаць, канспектаваць, знаёміцца са станоўчым вопытам работы.
— А вам таксама даводзіцца гэта рабіць?
— Безумоўна. Заканадаўства не стаіць на месцы, ды і нашы ўнутраныя дакументы пастаянна ўдасканальваюцца, дапаўняюцца, мяняюцца. Юрысту варта паспяваць за гэтай дынамікай. Я таксама шмат чытаю, канспектую.
— А чым вы любіце займацца ў вольны ад службы час?
— Яго ў мяне не так і шмат. Выхадныя люблю праводзіць з сям’ёй: у мяне жонка і двое дарослых сыноў. Калі казаць пра віды адпачынку, то я прыхільнік актыўнага ладу жыцця. Спортам захапляюся даўно, займаўся службовым шматбор’ем, у свой час выступаў на чэмпіянаце УУС. Разрадку для сябе найчасцей знаходжу на спартыўнай пляцоўцы. Аднак усё павінна быць у меру, і калі выдаецца спакойная хвілінка між справамі, то люблю пачытаць мясцовую прэсу, пацікавіцца, чым жыве рэгіён, вобласць.
— Чаго пажадаеце калегам па галіне да прафесійнага свята?
— Здароўя, поспехаў, дабрабыту і ладу ў сем’ях. Няхай іх ніколі не пакідае імкненне да вывучэння новага, да ўдасканалення сваіх ведаў, бо ад паспяховай практыкі юрыста залежыць яго поспех сярод грамадзян, а значыць, і далейшая кар’ера. Юрыстам, якія працуюць у праваахоўных органах, жадаю, каб уся іх дзейнасць была скіравана на павагу да закона, імкненне да справядлівасці.

Гутарыла І. СТЫРНІК



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *