12 ліпеня ў Дзень святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве адкрылася праваслаўная выстава-кірмаш. Яна будзе працаваць да 16 ліпеня.
Урачыстае адкрыццё пачалося з малітвы, на якую сабраліся гараджане.
Да прысутных звярнуўся благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй Мікалай Пінчук:
— Гэта выстава прымеркавана да 700-годдзя заснавання Навагрудскай епархіі. Сімвалічна, што яе адкрыццё адбываецца ў Дзень святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Апосталы божыя неслі святло хрыстовай веры ва ўсе куткі Зямлі. Дзякуючы хрысціянству, якое 700 гадоў таму прыйшло на нашы землі, тут з’явіліся пісьменства, кнігі, творы мастацтва. І самае галоўнае — наша навагрудская зямля дала шмат святых угоднікаў божых, якіх мы толькі што ўславілі ў малітве. Урачыстасці, што цяпер пачынаем, завершацца асвячэннем храма, будаўніцтва якога хутка скончыцца. На яго асвячэнне ў Дзятлаве збяруцца ўсе епіскапы зямлі беларускай на чале з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, высокія госці.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Калодка зазначыла:
— Мы з вамі прысутнічаем на адкрыцці праваслаўнага тыдня. Сімвалічна, што гэта адбываецца ў юбілейны год, калі адзначаем 700-годдзе Навагрудскай епархіі і 25-годдзе яе адраджэння. Гэты тыдзень будзе насычаны мерапрыемствамі, якія пройдуць не толькі на плошчы 17 Верасня, але і ў бібліятэках, установах адукацыі і культуры, музеі. На працягу тыдня кожны з нас можа ўзгадаць, зразумець, ацаніць, для чаго мы жывём на Зямлі, у імя чаго, якія здзяйсняем учынкі, хто знаходзіцца побач, каму трэба працягнуць руку дапамогі.
Айцец Мікалай павіншаваў усіх з адкрыццём праваслаўнага тыдня і 700-годдзем Навагрудскай епархіі, пажадаў божай дапамогі і запрасіў пакланіцца ўсім святым зямлі навагрудскай, прыкласціся да іконы.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара