Аб выніках калегіі па жыллёва-камунальнай гаспадарцы

Падзеі

Пытанні кантролю за зніжэннем расходаў прадпрыемствамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гродзенскай вобласці і забеспячэнне імі эфектыўнай работы, выкананне патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства, у тым ліку заканадаўства аб закупках тавараў (работ, паслугаў) разгледжаны на сумесным пасяджэнні абласной каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй і калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці.

Як адзначаюць спецыялісты абласнога кантрольнага ведамства, у цэлым па Гродзенскай вобласці ў 2016 годзе даведзенае заданне па зніжэнні расходаў выканана. У мінулым годзе забяспечана зніжэнне расходаў на 35,8 мільёна рублёў, або 104,5% ад задання, за I квартал — на 4,8 мільёна рублёў, або на 33,3% ад задання на 2017 год.

Разам з тым, у арганізацый ёсць шэраг праблем, а таксама маюцца рэзервы па зніжэнні расходаў.

На калегіі было закранута пытанне нездавальняючага стану сістэмы цеплазабеспячэння. Звыш нарматыўнага тэрміну службы эксплуатуецца 470 кіламетраў цеплавых сетак, або 23% агульнай працягласці, што прыводзіць да звышнарматыўных стратаў. Разам з тым, нават запланаваныя аб’ёмы замены сетак не выконваюцца. У 2016 годзе заменены ўсяго 47 кіламетраў цеплавых сетак, або 56%. Пры гэтым заданне не выканана ўсімі раённымі прадпрыемствамі ЖКГ (акрамя Шчучынскага).

Не выключаны факты звышнарматыўнага расходу паліўна-энергетычных рэсурсаў. За 2016 год арганізацыямі ЖКГ за кошт прыбытку аднесены расходы па звышнарматыўным расходаванні цеплавой і электрычнай энергіі на агульную суму 927 тысяч рублёў.

Пры правядзенні Камітэтам дзяржкантролю сумесна з пракуратурай маніторынгу захоўвання мясцовых відаў паліва парушэнні ўмоваў захоўвання дроваў былі выяўлены паўсюдна. Пад адкрытым небам і ўздзеяннем атмасферных ападкаў дровы ляжалі нават пры наяўнасці навесаў. Пры гэтым выкарыстоўванне ў кацельнях мокрага паліва прыводзіць да павышэння яго ўдзельных расходаў, у тым ліку да звышнарматыўнага расходавання. Па названай прычыне арганізацыямі ў 2015-2016 гадах залішне аднесены на расходы па вытворчасці цеплавой энергіі 37 тысяч куб. м драўнянага паліва на суму каля 800 тыяч рублёў, што пацягнула павелічэнне падаткаў на суму больш за 40 тысяч рублёў.

Пры гэтым у вобласці ў 2016 годзе не выканана заданне па мясцовых відаў паліва, доля якога ў балансе кацельна-пячнога паліва — 44,2% (заданне 46%).

Разгледжана пытанне перадачы выканкамамі арганізацыям ЖКГ няпрофільных, як правіла,  невыкарыстоўваемых аб’ектаў, якіх на балансе ў арганізацыях ЖКГ вобласці ўжо больш за 630 (каля 400 — не выкарыстоўваюцца), а некампенсаваныя затраты па іх утрыманні за 2016 год склалі 776 тысяч рублёў.
Пры гэтым у парушэнне Указа №535 пры фарміраванні раённых бюджэтаў сродкі на кампенсацыю расходаў па ўтрыманні такіх аб’ектаў не былі прадугледжаны 8 выканкамамі (Ваўкавыскім, Воранаўскім, Гродзенскім, Карэліцкім, Мастоўскім, Свіслацкім, Слонімскім і Шчучынскім) і дагаворы з арганізацыямі ЖКГ на кампенсацыю расходаў імі не заключаліся.

Разгледжана праблема паасобнага збору смецця. Камунальнікамі заварана каля 2-х тысяч смеццеправодаў, абсталяваны каля 800 кантэйнерных пляцовак. Аднак рашэнні, якія прымаюцца па будаўніцтве пляцовак, не заўсёды былі прадуманымі, што прывяло да масавай незадаволенасці грамадзян, а ў шэрагу выпадкаў – да антысанітарыі.

У ходзе праведзеных кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў Камітэтам працягваюць выяўляцца факты завышэння сабекошту аказаных паслугаў насельніцтву, незаконнага атрымання субсідый, неэфектыўнага выкарыстання маёмасці.Такія парушэнні выяўлены ў КУП “Ваўкавыская КХ”, Лідскім ГУП ЖКГ, Воранаўскім, Астравецкім і Ашмянскім РУП ЖКГ, ДУПП “Гроднаводаканал”, ААТ “Слонімскі водаканал”.

Выяўлены факты набыцця арганізацыямі ЖКГ абсталявання, таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў па завышаных цэнах, у тым ліку ў выніку злоўжывання службовымі асобамі сваімі службовымі абавязкамі пры закупках помпавага абсталявання.

Не прымаюцца належныя меры па кантролі за выкарыстаннем сродкаў бюджэту таксама пры вытворчасці будаўніча-мантажных работ. Завышэнні кошту выкананых работ выяўлены ў Воранаўскім РУП ЖКГ, Гродзенскім гарадскім ЖКГ.

Па выніках пасяджэння калегіі выказаны прапановы ў адрас Міністэрства ЖКГ і Гродзенскага аблвыканкама, а таксама дадзены канкрэтныя даручэнні кіраўнікам арганізацый ЖКГ вобласці па зніжэнні затрат пры аказанні жыллёва-камунальных паслугаў, выкананні заканадаўства і павышэнні эфектыўнасці работы.

А. САДАЎНІЧЫ,
першы намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *