Аб дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве

Падзеі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 ліпеня 2017 года падпісаў Указ № 240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”.

У дадатак да дзеючай сістэмы льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва ўводзіцца новы від дзяржаўнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў — дзяржаўныя адрасныя субсідыі.

Дзяржаўныя субсідыі будуць прадастаўляцца на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля, атрыманых грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а шматдзетным і маладым сем’ям, дзецям-сіротам — таксама на пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах.

Атрымальнікамі субсідый будуць з’яўляцца ўсе грамадзяне, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2012 года № 13.

Дадаткова Указам прадугледжана права на атрыманне адрасных субсідый ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў.

Пры гэтым дзяржаўная падтрымка ў выглядзе льготных крэдытаў і субсідый будзе дзейнічаць паралельна з захаваннем прынцыпу аднаразовасці яе атрымання.

Механізм прадастаўлення дзяржаўных субсідый распрацаваны з улікам максімальнага захавання прынцыпаў дзеючай сістэмы дзяржаўнай падтрымкі жыллёвага будаўніцтва: сума дзяржаўнай падтрымкі будзе разлічвацца, зыходзячы з колькасці членаў сям’і, нарміруемых памераў жылога памяшкання і гранічнага нарматыву кошту будаўніцтва; умовамі прадастаўлення такой дзяржаўнай падтрымкі будуць чарговасць і аднясенні грамадзян да катэгорыі малазабяспечаных.

Парадак прадастаўлення такіх субсідый грамадзянам вызначыць адпаведная пастанова Савета Міністраў. Дакументам будзе зацверджана палажэнне аб парадку прадастаўлення грамадзянам субсідыі на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам і субсідыі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдыце. Гэту пастанову Саўмін прыме ў бліжэйшы час.

У прыватнасці, будзе вызначаны спіс банкаў для атрымальніка крэдыту, а таксама пералік дамоў, якія падпадаюць пад дзеянне Указа № 240. Прыняцце рашэнняў аб прадастаўленні субсідый грамадзянам, якія ажыццяўляюць будаўніцтва (рэканструкцыю) жылых памяшканняў, замацаваны за раённымі, гарадскімі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Будуць унесены змены ў нарматыўна-прававую базу ў адпаведнасці з Указам № 240, які ўступіць у сілу 6 жніўня 2017 года.

Падрыхтавала да друку А. МІКАЛАЕВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *