Вечар пятніцы, 9 чэрвеня 2017 года, у райцэнтры быў расквечаны пышнымі букетамі, вясёлымі ўсмешкамі, прыгожымі сукенкамі дзяўчат, строгімі касцюмамі юнакоў. Нагода для гэтага важкая — для 165 юнакоў і дзяўчат ладзіўся раённы выпускны баль-2017 «Наперад, адкрыццям насустрач», прысвечаны Году навукі ў Беларусі. Яго сёлета рыхтавалі гімназія №1 і Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава.
Нават у вясёлым смеху выпускнікоў адчуваліся ноткі суму, бо яны развітваліся са школай, настаўнікамі, аднакласнікамі, дзяцінствам. Павіншаваць іх са стартам у дарослае жыццё на плошчу 17 Верасня прыйшлі родныя, сябры, педагогі, адміністрацыя раёна, святары.
Са словамі пажаданняў да выпуску-2017 звярнуўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама А. Дубовік.
— Сёння радасны і сумны дзень, бо выпускны баль — гэта раставанне з дзяцінствам. Аднак вы падрыхтаваны да дарослага жыцця. Школа заклала ў вас усе неабходныя якасці для таго, каб вы дабіліся поспеху ў грамадстве, сталі прафесіяналамі. Прыемна адзначыць, што сёлета з медалём закончылі 11 клас 15 нашых выпускнікоў. Парадавалі перамогі выпускнікоў на рэспубліканскіх алімпіядах — Юліі Валанцэвіч, Дар’і Сарока, Марыі Каско, Алены Лашкоўскай, Надзеі Сербін. Высокіх творчых дасягненняў дабіліся Яна Мармыш, Алеся Кастусік. Словы падзякі за актыўную жыццёвую пазіцыю, удзел у грамадскім жыцці выказваю лідарам моладзевага руху Любові Грышук, Ігару Крывульку, Надзеі Грыцэвіч. Высокімі дасягненнямі ў спорце вызначыліся Сяргей Кашчырэц, Аляксандра Саракульская, Ілья Вайтушка, Аліфціна Янушкевіч, Павел Жадзейка.
Дарагія выпускнікі, сваімі поспехамі і дасягненнямі вы абавязаны настаўнікам, будзьце ўдзячны за іх нястомную працу.
Дзякую бацькам выпускнікоў за цярпенне і любоў. Няхай далейшыя поспехі дзяцей будуць для вас узнагародай.
Дарагія выпускнікі, вы пачынаеце дарослае жыццё. Вашы здольнасці і таленты дапамогуць вам. Але не забывайце, што Дзятлаўшчына — ваша малая радзіма. Спадзяюся, што свае надзеі і перспектывы вы звяжаце з нашым раёнам.
Благаславілі выпуск-2017 на добры шлях, пажадалі маладым людзям не схіляцца перад цяжкасцямі, крочыць па жыцці з Богам Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй Мікалай Пінчук і ксёндз-пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве Здзіслаў Пікула.
Сёлета 15 выпускнікоў закончылі школу з медалямі: Марыя Каско, Дар’я Сарока, Дыяна Маркава, Таццяна Лябецкая, Марыя Гранкоўская, Павел Цярэшка, Любоў Смірнова, Кацярына Тумялевіч, Кацярына Каско, Вадзім Кібінь, Юлія Валанцэвіч, Анастасія Дзянісава, Надзея Грыцэвіч (золата), Любоў Грышук, Лізавета Еўлюхінцова (срэбра). Іх імёны будуць занесены ў кнігу Славы “Залатыя россыпы Дзятлаўшчыны”. Залатыя і сярэбраныя медалі выпускнікам і Падзячныя пісьмы іх бацькам уручылі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама А Дубовік і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. Белаус.
Ад імя выпуска-2017 выступілі выпускнікі гімназіі №1 горада Дзятлава. Сёлетні выпуск даў клятву стаць годнымі людзьмі. На апошніх яе словах неба над цэнтральнай плошчай Дзятлава расквецілі паветраныя шары. Яны неслі ўверх мары і спадзяванні выпускнікоў.
Скончылася свята традыцыйным развітальным вальсам, і музычным сюрпрызам ад выпускнікоў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА