Выпуск — 18+

Падзеі

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Голас сэрца» пры фінансавай падтрымцы Фонду дэмакратыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый рэалізоўвае ў Рэспубліцы Беларусь праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Беларусь на шляху дэінстытуалізацыі. Стварэнне адукацыйнай прасторы для людзей 18+ з інтэлектуальнымі захворваннямі».

Праект скіраваны на стварэнне ў нашай краіне сацыяльнага механізму, які дазволіць людзям з інтэлектуальнымі захворваннямі падрыхтавацца да самастойнага жыцця ў грамадстве. Безумоўна, працэс сацыялізацыі такіх пацыентаў даволі складаны, але першыя крокі на гэтым шляху ўжо зроблены.

У 2016/2017 навучальным годзе ў нашай краіне на базе 47 спецыялізаваных інтэрнатных установаў для дарослых людзей з інтэлектуальнымі захворваннямі былі створаны Цэнтры навучання і развіцця. Адзін з іх быў адкрыты ў Казлоўшчынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. А дакладней кажучы, тут быў сфарміраваны клас з 10 навучэнцаў, якія пачалі асвойваць новую праграму.

Больш падрабязна пра гэта расказала настаўніца Цэнтра навучання і развіцця, інструктар па працоўнай тэрапіі Аксана Мікалаеўна Баравік.

— У рамках рэалізацыі праекта, які нам прапанавала МГА «Голас сэрца», дактары псіхіятры-нарколагі нашай установы падабралі з ліку пацыентаў 10 чалавек, здольных засвоіць курс. Для кожнага з іх была сфарміравана індывідуальная праграма рэабілітацыі, скіраваная на сацыялізацыю і аднаўленне дзеяздольнасці.

Нас забяспечылі камп’ютарнай тэхнікай, мэбляй, праграмнымі і метадычнымі матэрыяламі, канцылярскімі таварамі, адным словам, — усім неабходным для навучання дарослых з інтэлектуальнымі захворваннямі.
Каб упэўніцца, што ўсё падрыхтавана да пачатку навучальнага года, наш дом-інтэрнат наведала старшыня праўлення МГА «Голас сэрца» Святлана Канстанцінаўна Блай.

З 1 верасня пачаліся заняткі. Кожны дзень у нас былі па два ўрокі, якія доўжыліся 35 хвілін. Займаліся па вучэбна-метадычных комплексах у пяці накірунках: «Азбука для дарослых», «Практычная матэматыка», «Самастойнасць у быце», «Чалавек і свет», «Эмоцыі. Сітуацыйныя паводзіны», дадаткова засвойвалі курсы «Арганізацыя працоўнай дзейнасці для дарослых 18+, якія жывуць у псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах» і «Даведайся пра свае правы» (курс прававой адукаванасці для дарослых з інтэлектуальнымі парушэннямі).

На працягу года мае вучні вучыліся гатаваць ежу, прыбіраць у памяшканнях, плаціць за камунальныя паслугі, засвоілі правілы асабістай гігіены, даведаліся, куды трэба звяртацца, калі спатрэбіцца дапамога, азнаёміліся з правамі інвалідаў.

Навучальны год скончыўся, і вучні ўжо здалі экзамены па засвоеным матэрыяле. Гэта значыць, што першы крок на шляху іх сацыялізацыі ў грамадства зроблены. Яны атрымалі веды, якія набліжаюць іх да магчымасці калі-небудзь жыць самастойна.

Гутарыла І. СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *