На свята да землякоў завітала салістка Гродзенскай абласной філармоніі Ала Аўдзейчык. Разам з калегамі яна спрыяла добраму настрою прысутных на свяце. Людзі не шкадавалі апладысментаў, падпявалі, а дзятва і танчыла пад рытмічную музыку. Перад гледачамі выступілі музыканты, танцоры і нават фокуснік, у асістэнтах якога пабылі мясцовыя жыхары. Выступленне ілюзіяніста выклікала асаблівую цікавасць у дзятвы. Малыя, як зачараваныя, сачылі за фокусамі, якія выконваў артыст філармоніі Дзмітрый Філатаў.
Не меншую зацікаўленасць у вензавецкай дзятвы выклікала і выступленне ўзорнага тэатра роставых лялек пад кіраўніцтвам Івана Каско. Малыя былі вельмі рады сустрэчы з героямі мультфільмаў, танцавалі разам з імі, нават на пэўны час забыліся прасіць у матуляў салодкую вату, папкорн, марожанае.
Выступіў на свяце і народны тэатр гульні “Прымакі”, удзельнікі якога прапанавалі паслухаць беларускія песні. Менавіта прадстаўнікі гэтага калектыву пабылі на пачатку свята ў ролі зазывалаў: праехаліся на кані па вуліцах, песнямі і музыкай запрашаючы жыхароў аграгарадка на пляцоўку ля Дома культуры. І . Міхайлоўская.