Лета — час новых знаёмстваў і сустрэч.
Не існуе мяжы паміж раёнамі, і дзеці з вялікай радасцю наведваюць іншыя ўстановы адукацыі. Вось і 19 чэрвеня адбылася творчая сустрэча вучняў, якія наведваюць аздараўленчыя лагеры на базе Кашалеўскага дзіцячага сада–базавай школы Навагрудскага раёна “Кветкавы горад” і Раклевіцкага дзіцячага сада–базавай школы “Іскрынка надзей”.
У час сустрэчы дзеці паўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах па міні-футболе, валейболе, шашках, дартсе, настольным тэнісе. Таксама яны мелі магчымасць рэалізаваць свой інтэлектуальны патэнцыял у гульнях “Брэйн-рынг” і “Што? Дзе? Калі?”, тэмай якіх сталі падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Затым дзяцей і дарослых чакалі творчыя конкурсы і танцавальна-забаўляльная праграма.
Актыўнымі ў час сустрэчы былі кіраўнікі і настаўнікі ўстановаў адукацыі, што значна садзейнічала стварэнню творчай атмасферы, калі кожны мог праявіць свае здольнасці і магчымасці.
Напрыканцы сустрэчы ў неба ўзляцелі 23 паветраныя шары з надпісам “Кашалева. Раклевічы. Дружба”. На вялікім плакаце госці пакінулі свае ўражанні ад сустрэчы і пажаданні сваім новым сябрам. А наперадзе нас чакае яшчэ не адна сустрэча з вучнямі і настаўнікамі Кашалеўскага дзіцячага сада–базавай школы.
Н. СОКАЛ,
адказная за работу дзіцячых аб’яднанняў Раклевіцкага д/с–БШ