Аповед аб выхаванні

Падзеі

Дзіця нараджаецца і адразу ўступае ў зносіны з навакольным асяроддзем. Безумоўна, у першую чаргу з тымі людзьмі, якія побач. Гэта мама, тата. Падрастаючы, ідзе ў садок, а затым у школу. Кола людзей, з якімі прыходзіцца сутыкацца, пашыраецца. І вось тут вельмі важна, хто будзе стаяць на шляху дзіцяці.

За маімі плячыма ўжо немалы педагагічны вопыт, і, апынуўшыся ў калектыве Круцілавіцкай школы, я зразумела, што педагогі і іншыя работнікі пад кіраўніцтвам адміністрацыі працуюць у адным русле, ствараючы дзецям камфортныя ўмовы для іх дзейнасці.
Часам мы думаем, што ў дзіцяці два шляхі, па якіх яго вядуць дарослыя: навучанне і выхаванне. На самой справе дзіця на ўроках атрымлівае веды, а ў вольны ад урокаў час замацоўвае іх, але ў іншай форме. Вось і атрымліваецца адзіны шлях, які ў нас, педагогаў, завецца сістэмай вучэбна-выхаваўчай дзейнасці. Калі яна ў школе ёсць, асоба развіваецца ў комплексе, рознабакова.

Таму ў вольны ад вучобы час заўсёды, а на канікулах асабліва, педагогі ствараюць умовы для таго, каб вучні ў іншых абставінах і іншых формах замацоўвалі веды, атрыманыя на ўроках і пашыралі свой кругагляд.

Падарожжа ў “Праменьчык”

У снежні мінулага года 10 навучэнцаў пад кіраўніцтвам педагога і супрацоўнікаў мясцовага Дома культуры С. Грос і І. Анушкевіч пабывалі ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў пры Дзятлаўскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мерапрыемства адбылося ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Дзякуючы адміністрацыі школы, у асобе дырэктара С. Гузоўскага, і спецыялістам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” В. Саламевіч і А. Калюцік наша супрацоўніцтва набірае сілу і будзе доўжыцца далей, бо гэта глыбокая крыніца дабра, спагады, міласэрнасці.

Экскурсія ў Гродна

У пачатку студзеня 26 вучняў пабывалі на экскурсіі ў горадзе Гродне. Паглядзелі спектакль “Зімовая казка” ў выкананні артыстаў Гродзенскай філармоніі. Нікога не пакінула раўнадушным экскурсія па горадзе. Уразіла прыгажосць Фарнага касцёла, парка Жылібера, з цікавасцю слухалі экскурсавода на Замкавай гары, знаёміліся з гісторыяй вуліц горада, іх старажытнымі пабудовамі. Экскурсія на ААТ “Молочны мир” была самай цікавай. Вучні змаглі ўбачыць увесь працэс ператварэння малака ў цвёрдыя сыры, назіралі за працай робата, які спрытна ўкладвае сямнаццацікілаграмовыя галоўкі сыру ў скрыні.

Паўдзельнічалі ў квэсце

У час зімовых канікулаў вучні 5-10 класаў прынялі ўдзел у квэсце “Руская мова вялікая і магутная”, на які запрасілі вучняў Жукоўшчынскай школы. Навучэнкі нашай школы Н. Бортнік і А. Адамчык павіншавалі прысутных прыгожымі песнямі.

Затым была арганізавана праца на пляцоўках. Вучні 5 класа выконвалі заданні на пляцоўцы “У свеце казак”, 6-7 класаў – “Кніга ў маім жыцці”, 8-10 класаў – “Цікавыя факты з рускай мовы”.

Самыя актыўныя навучэнцы атрымалі ўзнагароды.

Вось так праводзяць вольны час на канікулах вучні нашай школы. Педагагічны калектыў імкнецца арганізаваць сумесную працу так, каб вучні ішлі па жыццёвым шляху з упэўненасцю, адчуваючы, што побач ёсць людзі, якія іх падтрымаюць.

Надзея КАНЯВЕГА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *