У камісіі па справах непаўналетніх

Падзеі

Штрафы і папярэджанні

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны 4 пытанні. Тры — адміністрацыйныя пратаколы, два з якіх — на бацькоў дваіх непаўналетніх за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей, адзін — на непаўналетняга за парушэнне правілаў дарожнага руху. Таксама разгледжаны паводзіны навучэнкі Мінскага каледжа, якая прапускае заняткі, парушае правілы пражывання ў інтэрнаце.
Іншыя інтарэсы

Адміністрацыя аднаго з Мінскіх каледжаў звярнулася з хадайніцтвам на адрас камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама аб тым, што ўраджэнка раёна, якая вучыцца ва ўстанове, прапускае шмат заняткаў, парушае правілы пражывання ў інтэрнаце, не рэагуе на заўвагі педагогаў.

На пасяджэнні камісіі дзяўчына патлумачыла, што ў яе былі праблемы са здароўем, аднак дакументальнага пацвярджэння гэтаму няма. Цяпер яна праходзіць вытворчую практыку. Маці прагульшчыцы расказала, што і дома ў яе былі праблемы з дачкой. Сёлета ў верасні дзяўчыне споўніцца 18 гадоў. Пасля пащналецця ёй усур’ёз давядзецца адказваць за свае ўчынкі.

А пакуль дзяўчыну папярэдзілі аб недапушчэнні падобных паводзінаў у далейшым.

Ехаў не па тратуары

Непаўналетні прыехаў у раённы аддзел міліцыі на веласіпедзе, і на яго склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў дарожнага руху. Справа ў тым, што пры наяўнасці тратуара, хлопец ехаў па праезнай частцы дарогі, што з’яўляецца парушэннем.

Паколькі іншых пытанняў да падлетка не было, на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама пасля прафілактычнай размовы яго папярэдзілі аб недапушчэнні падобных парушэнняў у далейшым.

Ёсць над чым задумацца

Двое непаўналетніх, дзяўчына і хлопец, залезлі ў адну з кватэраў па вуліцы Навагрудскай. Гэта сур’ёзнае парушэнне заканадаўства. Аднак на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разам з маці прысутнічаў толькі хлопец. Справа ў тым, што яго сяброўка па прыгодах ужо накіравана ў навучальную ўстанову закрытага тыпу, бо на яе рахунку быў шэраг падобных парушэнняў.

Дарэчы, з-за недасягнення дзецьмі ўзросту крымінальнай адказнасці на іх бацькоў былі складзены адміністрацыйныя пратаколы за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. Пратаколы паўторныя на працягу года, таму і адказнасць сур’ёзная — вялікія штрафы. Маці дзяўчынкі давядзецца заплаціць 12 базавых велічыняў, маці хлопца — 11.

Таксама падлетка папярэдзілі, што ён, як і яго сяброўка, можа быць накіраваны ў закрытую навучальную ўстанову. Засталося «зарабіць» яшчэ адзін падобны пратакол, і для гэтага з’явяцца законныя падставы.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *