Кульмінацыяй свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое пройдзе ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 8-9 ліпеня, стане эстрадна-цыркавы паказ «Купальскі сон». Аб гэтым паведаміла на выязной нарадзе па арганізацыі і правядзенні мерапрыемства першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена Баброва.
Эстрадна-цыркавое шоу разгорнецца 8 ліпеня на галоўнай сцэне свята з удзелам артыстаў і цыркавых калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Творчыя блокі цыркавога паказу будуць звязаны паміж сабой сюжэтнай лініяй, відовішчнымі ітэрмедыямі ў выкананні цыркавых і папулярных эстрадных выканаўцаў. Інтэрмедыі будуць ілюстраваць купальскія традыцыі розных краін пры дапамозе вобразных выяўленчых сродкаў цыркавога мастацтва, харэаграфіі і акцёрскага майстэрства. Свой удзел у праграме пацвердзілі Стас П’еха і народная артыста Украіны Ірына Білык.
Фіналам грандыёзнага шоу стане фестываль феерверкаў з удзелам прадстаўнікоў замежных краін і ў суправаджэнні лазернага шоу. На берагах Дняпра будуць гарэць купальскія вогнішчы і праходзіць святочныя карагоды. «Падрыхтоўка да ўжо стаўшага знакавым для Беларусі свята ідзе поўным ходам, праведзены перагаворы аб удзеле ў мерапрыемствах артыстаў, музыкантаў, творчых калектываў і народных майстроў з 8 краін, вядзецца рэалізацыя білетаў, у тым ліку ў інтэрнэце, — сказаў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. — У гэтым годзе свята будзе яшчэ больш крэатыўным і маштабным, і мы спадзяёмся, што яно запомніцца надоўга. Разлічваем, што яго наведаюць больш за 100 тыс. чалавек».
У гэтым годзе ў Александрыі гасцям будзе прадастаўлена таксама магчымасць прыняць удзел у пазнавальнай квест-гульні «У пошуках кветкі папараці» з наведваннем тэматычных пляцовак і выкананнем спецыяльных заданняў па купальскай тэматыцы. Спецыяльны конкурс вызначыць пераможцу ў пляценні купальскіх вянкоў. Больш маштабна будзе прадстаўлена святочная пляцоўка «Горад дружбы». Яна будзе разбіта на чатыры галоўныя вуліцы: Міжнародная — прадстаўлена майстрамі краін — удзельніц свята, Рэспубліканская — задзейнічаны майстры і падворкі рэгіёнаў Беларусі, «Скарбніца Падняпроўя» — з рэалізацыяй вырабаў майстроў Магілёўшчыны і Гандлёвая — з павільёнамі рэспубліканскіх і абласных арганізацый і прадпрыемстваў.
У праграме свята шмат відовішчных конкурсаў і прэзентацый, выставак і майстар-класаў. Будзе шмат смачнай ежы і напіткаў, для дзяцей — гульняў і забаў, для дарослых — захапляльныя шоу, у тым ліку паветранае.
Гулянні традыцыйна пройдуць у маляўнічай мясціне на беразе Дняпра, каля моста, які злучае не толькі два населеныя пункты — Александрыю і Копысь, але і дзве вобласці — Магілёўскую і Віцебскую.