Дапамога ад «Сяброў Дзятлава»

Падзеі

З дабрачынным візітам наш раён чарговы раз наведалі валанцёры арганізацыі «Сябры Дзятлава» з Люксембурга. Арганізацыя супрацоўнічае з нашым рэгіёнам на працягу многіх гадоў, і кожны год прыязджае з новай дапамогай.

Дзятлаўскую цэнтральную раённую бальніцу валанцёры наведалі ў суправаджэнні нязменнага перакладчыка Людмілы Грыб, настаўніцы сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, якая дапамагала гасцям і гаспадарам пераадольваць моўны бар’ер. З галоўным доктарам установы Марыя Максімовіч візіцёры павіталіся, як з даўняй знаёмай. Не дзіўна: «Сябры Дзятлава» шмат гадоў таму ўзялі гуманітарнае шэфства над райбальніцай. Летась, напрыклад, забяспечылі ўстанову аргтэхнікай: набылі 7 камп’ютараў. На гэты раз ад «Сяброў Дзятлава» Цэнтральная раённая бальніца атрымала новае медыцынскае абсталяванне для аддзялення хуткай дапамогі —  дэфібрылятар і апарат тэлеЭКГ, які здольны не толькі рабіць кардыяграмы сэрца, але і перадаваць іх на адлегласці. Таксама валанцёры набылі памперсы для коек сястрынскага догляду, цацкі, памперсы і сродкі гігіены для дзіцячага аддзялення раённай бальніцы (для маленькіх пацыентаў, якія знаходзяцца тут з-за сацыяльнага недабрабыту).

Медыцынскае абсталяванне ўрачыста ўручылі старшаму фельчару хуткай дапамогі Ірыне Ішуцінай.

Карэспандэнтцы газеты расказалі, што бальніца — не адзіная ўстанова, якой традыцыйна аказваюць дапамогу «Сябры Дзятлава». Сёлета ў спісе атрымальнікаў яшчэ яслі-сад №1 горада Дзятлава, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і араторый. Таксама валанцёры набудуць харчовыя прадукты і лекі для сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян і сем’яў, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю.

Нягледзячы на тое, што «Сябры Дзятлава» невялікая арганізацыя, яе ўдзельнікі стараюцца дапамагчы як мага большай колькасці людзей нашага рэгіёна, якія маюць у гэтым патрэбу. Валанцёры ўпэўнены, што медыцынскае абсталяванне, якое яны набылі для Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, будзе дапамагаць у дыягностыцы і лячэнні пацыентаў на працягу многіх гадоў.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *