З рэдакцыйнай пошты. Велікодныя сустрэчы

Падзеі

«Хрыстос Уваскрэс!» — так гучаць велікодныя вітанні. Светлае Хрыстова Уваскрэсенне — гэта «святаў свята, урачыстасцяў урачыстасць», як спяваецца ў Велікодным каноне. Гэта — перамога веры, дабрачыннасці, надзеі, абяцанне вечнага жыцця.

Як цудоўна ў дзень свята спяваў хор царквы Праабражэння Гасподня ў Дзятлаве. Шматгалосыя зладжаныя спевы краналі сэрца кожнага прыхаджаніна. Нязменны рэгент хора, матушка Святлана Пінчук, сабрала калектыў аднадумцаў. Гэта В. Кушаль, М. Віннік, Г. Кашко, С. Мазырка, Г. Жадзейка, Л. Шымук і іншыя. Дзеля таго, каб быць крыху бліжэй да Госпада і яго пакутаў за нас, мы павінны часцей бываць у храме.

У трэці дзень Светлага Вялікадня адбылося выступленне вучняў нядзельнай школы. Кожнае выступленне дзяцей прыносіць нам ласку Божую, славіць Хрыстова Уваскрэсенне. Спевы хора, выступленні вакальных групаў, сольныя нумары, тэатралізаваныя сцэны — усё вельмі спадабалася гледачам. Сярод салістаў былі Ганна Пінчук, трыа ў складзе Кацярыны Залеўскай, Наталлі Крывулька, Аляксандры Глушкевіч. Цікавай была казка «Прынцэса» ад старэйшай групы вучняў, інсцэніроўкі «Першае велікоднае яйка» ад сярэдняй групы і «Кветкі» — ад малодшай.

Гледачы і прыхаджане ўдзячны за падрыхтоўку свята Благачыннаму цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэю Мікалаю Пінчуку, выкладчыкам нядзельнай школы Г. І. Мілейка, Г. У. Андрукевіч, Г. М. Герус, С. У. Мазырка, К. А. Бальшой, М. А. Шэўчук. Няхай Гасподзь ахоўвае іх. Цярпення ім, творчай энергіі на многія гады.

Прыхаджане царквы Праабражэння Гасподня горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *