Вынікі праверкі Слонімскага райвыканкама і арганізацый раёна

Падзеі

На калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці разгледжаны вынікі праверкі работы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый Слонімскага раёна па выкананні заканадаўства.

Калегіяй было адзначана, што ў Слонімскім раёне заніжаны кантроль за мэтавым, законным і рацыянальным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў.

Толькі на працягу 2014-2016 гадоў райвыканкамам суб’ектам гаспадарання прадастаўляліся бюджэтныя пазыкі, гарантыі пры наяўнасцi ў iх пратэрмінаванай запазычанасці па раней выдадзеных з раённага бюджэту пазыках.

У чэрвені 2016 года Слонімскім райвыканкамам прадастаўлены гарантыі СВК “Дружба-Агра” ў памеры 12,3 тысячы рублёў пры наяўнасці пратэрмінаванай запазычанасці па атрыманых з раённага бюджэту пазыках у суме 200 тысяч рублёў, СВК “Васілевічы” — 27,9 тысячы рублёў пры запазычанасці 300 тысяч рублёў, РУСП “Новадзявяткавічы” — 37,1 тысячы рублёў пры запазычанасці 400 тысяч рублёў.

У 2016 годзе аддзелам адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкама за кошт сродкаў мясцовага бюджэту без правядзення працэдуры закупкі набыты прадукты харчавання на суму больш за 20 тысяч рублёў.

Не прыняты належныя меры ААТ “Слонімскі кардонна-папяровы завод” Альбярцін” па мантажы і ўводзе ў эксплуатацыю кардонадэтальнай машыны (КДМ), набытай яшчэ ў 2014 годзе ў фірмы “Nelba” (Польшча) агульным коштам 520 тысяч еўра. Тэрмін уводу перанесены на 3 квартал 2017 года. Для ўводу машыны ў эксплуатацыю неабходна набыццё тэхналагічнага абсталявання і выкананне пуска-наладачных работ, на што патрабуецца яшчэ не менш за 900 тысяч еўра. Абаротных сродкаў для завяршэння мантажу ў завода няма.

Не ажыццяўляецца належны кантроль за арганізацыямі раёна па ўліку дзяржаўнай маёмасці.

Так, УРПП “Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў” у 2012-2014 гадах пры правядзенні гадавых інвентарызацый не была забяспечана паўната і дакладнасць унясення ў вопіс дадзеных аб фактычных рэштках аб’ектаў асноўных сродкаў (нерухомай маёмасці), а менавіта не забяспечаны ўлік у фактычнай наяўнасці 15 адзінак дзяржаўнай маёмасці, што прывяло да недакладнага бухгалтарскага ўліку.

Не забяспечана ў раёне выкананне патрабаванняў заканадаўства пры распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю, не адстойваюцца дзяржаўныя інтарэсы.

Па выніках праведзеных у Слонімскім раёне кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў спагнана сродкаў у бюджэт у сумме 3,2 млн. рублёў, пастаўлены на ўлік асноўныя сродкі на суму 17 тысяч рублёў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 24 фізічныя асобы, да дысцыплінарнай — 53, з іх 2 вызвалены ад займаемай пасады, узбуджаны 4 крымінальныя справы, матэрыялы праверкі накіраваны ў праваахоўныя органы.

Н. КРЫВІЦКАЯ,
намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *