“Вобраз бацькоў – прыклад для дзяцей”

Падзеі

“Круглы стол” пад такой назвай прайшоў у Дзятлаўскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. У сустрэчы прынялі ўдзел спецыялісты розных структураў, зацікаўленыя ў выхаванні здаровага маладога пакалення Дзятлаўшчыны.
Н. Юрэня, валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ: калі ўмоўна ўзровень здароўя прыняць за 100%, то 20% залежаць ад спадчынных фактараў, 20% — ад знешніх умоваў (экалогіі), 10% — ад дзейнасці сістэмы аховы здароўя. А што ж астатнія 50%? Яны залежаць ад самога чалавека, ад таго ладу жыцця, які ён вядзе. Прыведзеныя працэнтныя суадносіны паказваюць важнасць фарміравання ашчадных адносінаў да здароўя, а таксама прапаганды здаровага ладу жыцця сярод дзяцей.
А. Шайбак, галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ: найбольш неспрыяльным фактарам (звязаным з ладам жыцця), які ўплывае на здароўе дзіцяці, з’яўляецца прыхільнасць бацькоў да шкодных звычак. Шкоднае ўздзеянне злоўжывання спіртным, курэння, наркаманіі адчуваецца неакрэплым дзіцячым арганізмам як непасрэдна (у выглядзе ўдыхання тытунёвага дыму або праз малако маці), так і праз спадчынныя фактары (уплыў спіртнога, тытуню, наркатычных рэчываў на рэпрадуктыўныя клеткі арганізма бацькоў), а таксама ў выглядзе розных стрэсавых сітуацый у сям’і, якія ўплываюць на псіхіку дзіцяці.
Г. Касцюк, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа: гатоўнасць бацькоў ісці на пэўныя ахвяры дзеля здароўя сына ці дачкі – сур’ёзны стымул для дзіцяці. Толькі варта выконваць дадзенае дзецям абяцанне! Калі бацькі “зрываюцца” самі, тады што патрабаваць ад падлетка.
Н. Пазняк, метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета: сацыяльна-гігіенічным фактарам, які ўплывае на здароўе дзяцей, з’яўляецца і сямейнае фізічнае выхаванне, якое ўключае сістэматычнае выкарыстанне розных метадаў загартоўвання, фізічнай культуры і спорту, якія змяняюцца ў залежнасці ад узросту дзіцяці.
В. Ступчык, псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: задача сям’і – сфарміраваць у дзіцяці правільнае ўяўленне аб здаровым ладзе жыцця, забяспечыць яму ўмовы, якія спрыяюць гэтаму, а менавіта правільны рэжым дня, працы, адпачынку, сну.
К. Хілімончык, першы сакратар РК ГА “БРСМ”: у сям’і павінна панаваць перакананне, што трэба кантраляваць свае паводзіны заўсёды. Як бы ні правініліся дзеці, мы павінны прытрымлівацца правілаў эфектыўных стасункаў. Калі мы ўмеем кантраляваць сябе, нашы дзеці ў любой сітуацыі таксама будуць ацэньваць свае ўчынкі.
А. Якаўчык, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама: школа, аздараўленчыя праграмы могуць толькі дапамагчы, дапоўніць, узбагаціць новымі ведамі, але замяніць сямейнае выхаванне, прыклад бацькоў яны не могуць. Таму давайце пачнём з сябе, і няхай будуць здаровыя нашы дзеці.
Запісала І. КАМАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *