У камісіі па справах непаўналетніх

Падзеі

Папярэджанні і штраф

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Дзятлаўскага райвыканкама разгледжаны тры адміністрацыйныя пратаколы і пытане аб магчымасці вяртання бацькам дзяцей, якія раней былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Няма 16 гадоў — позна не гуляйце

Вясна. Дзень становіцца даўжэйшы, цямнее пазней. Таму непаўналетнім, якім не споўнілася 16 гадоў, і іх бацькам увечары варта часцей глядзець на гадзіннік. Знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослага падлеткі могуць толькі да 23 гадзін. Больш позняе знаходжанне — гэта ўжо адміністрацыйнае парушэнне.

Такія парушэнні нядаўна ўчынілі двое непаўналетніх.

Так, на апекуна навучэнца адной з дзятлаўскіх школ быў складзены адміністрацыйны пратакол за невыкананне абавязкаў па суправаджэнні непаўналетняга ў позні час. Членам камісіі хлопчык патлумачыў, што а сёмай гадзіне вечара адпрасіўся ў бабулі да сябра. Разам падлеткі гулялі на камп’ютары і не заўважылі, як праляцеў час. Бабуля не змагла дазваніцца ўнуку на мабільны тэлефон, бо «сеў» акумулятар. У выніку, пасля 23 гадзін хлопчыка, які без дарослых ішоў дахаты, затрымала міліцыя. Улічваючы, што і апякун, і падлетак віну прызналі, на першы раз апекуна папярэдзілі.

Аналагічнае правапарушэнне ўчыніла навучэнка Бярозаўскага ліцэя, якая прыязджала ў Дзятлава на выхадныя да бацькоў. Дзяўчына позна праводзіла сваю сяброўку, і па дарозе дахаты была затрымана праваахоўнікамі. На яе бацькоў таксама склалі адміністрацыйныя пратаколы. Праз некалькі месяцаў парушальніцы спаўніцца 16 гадоў, і яна зможа знаходзіцца на вуліцы пасля 23 гадзін. Пакуль жа яе бацькоў папярэдзілі аб недапушчэнні падобных парушэнняў.
Пакрыўдзілі старэйшыя

Матуля адправіла дачку да знаёмай забраць прас, які пазычала. Калі дзяўчынка зайшла ў пад’езд, да яе падступілі дзве старэйшыя дзяўчынкі, штурхнулі і плюнулі на яе. Адна з іх даўно знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі за шэраг парушэнняў. Другая проста пастаралася не адставаць ад сяброўкі.

Пакрыўджанае дзіця, вярнуўшыся дахаты, усё расказала матулі. Паколькі адна з крыўдзіцелек (якая на ўліку) ужо не першы раз здзекавалася з дачкі, жанчына звярнулася па дапамогу ў міліцыю. У той жа дзень маці другой дзяўчынкі прыйшла да пацярпелых прасіць прабачэння, паабяцала, што падобнага больш не здарыцца.
На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх малодшая дзяўчынка расказала, што і раней нярэдка чула крыўдныя словы на свой адрас ад дзяўчынкі, якая знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Другая ўдзельніца здарэння раней з пацярпелай не здзеквалася, на першы раз яе прабачылі. А вось маці вінаватай давядзецца заплаціць штраф у памеры 11,5 базавай велічыні. Дарэчы, згодна з рашэннем суда, за ранейшыя парушэнні гэту непаўналетнюю накіравалі ў навучальную ўстанову закрытага тыпу — да ад’езду засталіся лічаныя дні.

Ці патрэбныя дзеці бацькам?

Чатыры месяцы таму з-за паводзінаў бацькоў дзвюх маленькіх дзяўчынак прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Малодшая цяпер часова знаходзіцца ў замяшчальнай сям’і, старэйшая — у сацыяльнай установе.

Бацькам, якія сталі абавязанымі асобамі, было прапанавана прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці, ад чаго яны адмовіліся. У кватэры, дзе збіраліся жыць пасля вяртання дзяцей, рамонт да гэтага часу не зрабілі, амаль заўжды пры праверцы там было брудна, адсутнічалі прадукты харчавання.

Абодва дарослыя дапускалі прагулы на рабоце. Маці, наогул, доўга была на бальнічным, прагульвала работу без уважлівых прычынаў, а з 30 сакавіка знікла і знаходзіцца ў вышуку.

Бацькі ў разводзе. Былы муж апошнім часам жыве ў сваёй маці. Ён выказвае жаданне самому гадаваць дзяцей, але таксама не прыкладвае для гэтага адпаведных намаганняў.

Пакуль вярнуць дачок немагчыма. Калі сітуацыя застанецца ранейшай, дакументы на пазбаўленне бацькоўскіх правоў будуць накіраваны ў суд.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *