Тыдзень інклюзіі «Планета сяброў»

Падзеі

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава рэалізаваў раённы праект — «Тыдзень інклюзіі «Планета сяброў». У мерапрыемства ўключыліся члены Моладзевага парламента, навучэнцы ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны, Дзятлаўскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённая арганізацыя ГА «БелТІЗ».

Нагадаем, што тэрмін «інклюзія» абазначае працэс рэальнага ўключэння людзей з інваліднасцю ў актыўнае грамадскае жыццё. На Дзятлаўшчыне ў многіх установах адукацыі ўжо ёсць інтэгрыраваныя групы і класы, дзе асаблівыя дзеці займаюцца разам са здаровымі дзецьмі.

У рамках праекта «Тыдзень інклюзіі «Планета сяброў» прайшлі цікавыя мерапрыемствы і сустрэчы, сярод якіх творчая гасцёўня «Цуды на Вялікдзень», дзень рукапацісканняў і абдымкаў, PR-акцыя «Розныя магчымасці — роўныя дзеці», акцыя-пажаданне «Праменьчык дабрыні», цэнтр-фільм «Толькі ўявіце».

Сур’ёзна задумацца над цяжкасцямі жыцця інвалідаў па зроку навучэнцаў гарадскіх школ прымусіла сустрэча «Цэнтр-фільм «Толькі ўявіце». Яна праходзіла з ініцыятывы старшыні раённай арганізацыі ГА «БелТІЗ».

Вядучая мерапрыемства метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава Ірына Анатольеўна Мішчанка заклікала ўдзельнікаў мерапрыемства паглядзець і абмеркаваць кінастужку пра сляпых людзей.
Дзеянні адбываюцца ў клініцы для інвалідаў па зроку, куды прыйшоў выкладаць сляпы ціфлапедагог. Ён умее арыентавацца ў прасторы на слых без спецыяльнага кіёчка. Мужчына хоча перадаць свае навыкі вучням, даказаць сляпым, што кіёчак для іх неабавязковы. Стужка заканчваецца трагічна: педагог гіне на трамвайных рэйках. Аказваецца, белы кіёчак у сляпых людзей выконвае шмат функцый, у тым ліку ахоўную: дапамагае ім абыходзіць ямы, рэйкі, іншыя небяспечныя перашкоды.

Кінастужка моцна ўразіла юных гледачоў. Большасць навучэнцаў расказалі, што дзякуючы Тыдню інклюзіі і прагляду кіно пачалі больш задумвацца над праблемамі людзей з абмежаванымі магчымасцямі і пастараюцца аказваць ім пасільную дапамогу і падтрымку.

І. КАЎКЕЛЬ 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *