З ініцыятывы і благаславення Благачыннага цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэя Мікалая Пінчука сорак навучэнцаў сярэдніх школ №1 і №3 горада Дзятлава, большасць з якіх наведваюць нядзельную вучэбна-выхаваўчую групу пры храме Праабражэння Гасподня ў Дзятлаве, факультатыўныя заняткі «Асновы праваслаўнай культуры», здзейснілі экскурсію па маршруце Дзятлава — Мачулішчы — Мінск — Дзятлава.
Раніцай пасля малебна аб вандроўніках, атрымаўшы благаславенне айца Мікалая, накіраваліся ў дарогу.
У маляўнічым лясным масіве сярод стромкіх бяроз і соснаў, пад Мінскам, знаходзіцца авіяцыйная база, дзе нас гасцінна сустрэлі камандзір і зампаліт. Нам цікава было даведацца гісторыю гэтага воінскага фарміравання, якая пачалася ў далёкім Афганістане. Менавіта там выконваў воінскі абавязак авіяцыйны полк.
Спачатку навучэнцаў запрасілі ў вучэбны кабінет, дзе знаходзіцца сучасны трэнажор верталёта МІ-8. Школьнікі атрымалі незабыўныя ўражанні, калі разам з інструктарам пабылі ў кабіне трэнажора і адчулі радасць палёта.
Затым накіраваліся ў незвычайны музей у самалёце, на якім лётчыкі палка ваявалі ў Афганістане. Да музея вядзе Алея герояў. На гранітных плітах высечаны імёны шасці Герояў Савецкага Саюза, дзясяткаў салдат і афіцэраў — ваеннаслужачых палка, ушанаваных баявымі медалямі і ордэнамі за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час афганскай вайны.
У самалёце-музеі прадстаўлены цікавыя экспанаты: ваенная форма савецкага часу, асабістыя рэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў і лётных экіпажаў, тагачасныя дакументы і нават асколак снарада (яго, як рэліквію, прывёз з Афганістана адзін з салдат, які цудам застаўся жывы пасля артабстрэлу). Пабачылі мы і баявы сцяг авіяпалка з прымацаваным да яго ордэнам Чырвонай Зоркі. Гэтай узнагароды полк быў удастоены за мужнасць і гераізм, праяўленыя асабовым саставам у час выканання інтэрнацыянальнага абавязку. Напрыканцы экскурсіі наш экскурсавод з гонарам звярнуў увагу навучэнцаў на пераходны вымпел «Лепшай узброенай часці Рэспублікі Беларусь». Мы зразумелі, што тут свята шануюць і памнажаюць слаўныя традыцыі бацькоў і дзядоў.
Наведаліся мы і ў капліцу ў гонар прарока Божага Іліі, якая знаходзіцца на тэрыторіі часці. Даведаліся, што шмат увагі камандаванне надае пытанням духоўнай апекі тых, хто выбраў для сябе нялёгкую прафесію абаронцы Айчыны.
Затым на аўтобусе нас адвезлі на лётнае поле, дзе мы змаглі паназіраць за ўзлётам і пасадкай верталётаў.
Наступным прыпынкам быў Мінск. Тут наведалі прыход храма Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны. Храм быў пабудаваны ў 1847 годзе, сёлета яму спаўняецца 170 гадоў. Па словах настаяцеля, мітрафорнага протаіерэя айца Іаана Харашэвіча, месца гэта святое, намоленае. У савецкі час храм быў закрыты, тут знаходзіўся фотакінаархіў. Калі будынкі былі вернуты Праваслаўнай Царкве, пачалося аднаўленне. Цяпер тут вырас храмавы комплекс для прыхаджан і шматлікіх паломнікаў. Тут ёсць два храмы, капліца ў памяць усіх беларускіх святых, сястрынства, брацтва, працуе нядзельная школа. Мы прыклаліся да святыняў, сфатаграфаваліся на памяць.
Скончылася наша экскурсія ў дзіцячым парку атракцыёнаў імя М. Горкага.
Мы ўдзячны айцу Мікалаю за яго клопат аб духоўным і грамадзянскім выхаванні падрастаючага пакалення.
Г. МІЛЕЙКА,
выкладчыца факультатыва «Асновы праваслаўнай культуры» СШ №1 горада Дзятлава, выкладчыца нядзельнай школы пры храме