Вучні Вікторыі Іванаўны Гранкоўскай, настаўніцы Дзятлаўскай школы мастацтваў, упершыню ездзілі на абласны пленэр юных мастакоў “Сімфонія велічы Белавежскай пушчы”. І першая паездка аказалася вельмі выніковая: са Свіслачы, дзе праводзілася мерапрыемства, вучні і іх педагог вярнуліся з узнагародамі. Роберт Асіпук сярод мастакоў старшай групы заняў другое месца. Надзея Губко сярод маленькіх мастакоў была трэцяя. Мікіта Жынко адзначаны граматай за ўдзел у абласным пленэры. Іх настаўніца Вікторыя Іванаўна Гранкоўская ўзнагароджана граматай за высокі ўзровень падрыхтоўкі юных мастакоў.
Дзятлаўчанам, як і ўсім удзельнікам пленэра, давялося выканаць два заданні: маляваць каля возера Пясец у Белавежскай пушчы і ў парку раённага цэнтра Свіслач. Работы нашых мастакоў журы спадабаліся і, як адзначана вышэй, ацэнены прызавымі месцамі. Самім юным мастакам пленэр таксама вельмі спадабаўся. Засталіся прыемныя ўражанні аб новых прыгожых мясцінах.
І. Міхайлоўская