На базе яслі-сада №1 горада Дзятлава прайшлі раённы інтэлектуальны конкурс для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту «Любазнайка» і другі этап першынства раёна па шашках «Шашачная шкатулка» сярод выхаванцаў сельскіх установаў дашкольнай адукацыі.
Удзел у конкурсе «Любазнайка» прынялі выхаванцы 14 дашкольных установаў дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны, якія ўжо сталі пераможцамі гэтых конкурсаў у сваіх дзіцячых садках.
Танцавальным нумарам удзельнікаў сустрэчы павіталі гаспадары пляцоўкі — выхаванцы яслі-сада №1 горада Дзятлава. Ім жа выпаў гонар вынесці сімвалічную эмблему конкурсу «Любазнайка».
Метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, якая курыруе дашкольную адукацыю ў раёне, К. А. Гайдук расказала, што сёлета былі ўнесены змяненні ў праграму спаборніцтваў. З яе выключылі творчае самапрадстаўленне. А вось у інтэлектуальнае заданне ўключылі ўсе адукацыйныя галіны вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Заданні, якія будуць выконваць дзеці, скіраваны не толькі на развіццё інтэлектуальных здольнасцяў матэматычнага плана, як гэта было раней. Дадаліся заданні па такіх дысцыплінах, як мастацтва, музыка, дзіця і прырода, уключаны шэраг пытанняў па беларускіх народных казках.
Канкурсанты накіраваліся на этапы спаборніцтваў. Іспыт для ўдзельнікаў інтэлектуальнага конкурсу «Любазнайка» складаўся з дзвюх частак — пісьмовай і вуснай. Спачатку дзецям прапанавалі 8 пісьмовых заданняў на картках. Юныя інтэлектуалы злучалі лічбы з малюнкамі з адпаведнай колькасцю прадметаў, абазначалі дэталі, з якіх складаюцца фігуры, знаходзілі заканамернасці, ставілі знакі «больш», «менш», «роўна», дамалёўвалі прадметы, каб іх была роўная колькасць, вызначалі колькі ў словах складоў, знаходзілі лішнюю па жанры мастацтва карціну, вызначалі лекавыя і ядавітыя расліны. У перапынках паміж заданнямі дзеці адпачывалі, а перад другой часткай іспыту выйшлі на двор і правялі танцавальны флэш-моб.
У час тэарэтычнага задання канкурсанты па адным заходзілі ў групавое памяшканне, выцягвалі картку з пытаннямі і адказвалі амаль без падрыхтоўкі.
Калі журы пачало падводзіць вынікі конкурсу «Любазнайка», высветлілася, што найбольшую колькасць балаў набралі адразу два канкурсанты. Іх запрасілі выканаць дадатковыя заданні (графічны дыктант, матэматычныя задачы, заданне на логіку). Парадавала, што і на гэтых іспытах пераможцы паказалі аднолькава высокія вынікі.
Таму першае месца сёлетняга конкурсу падзялілі Уладзіслаў Грыб з яслі-сада №1 горада Дзятлава і Арына Дудзевіч з Гезгалаўскага яслі-сада. Дыпломы другой ступені таксама дасталіся двум канкурсантам з аднолькавай колькасцю балаў па іспытах — Вікторыі Шупа з Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава і Глебу Варгану з Міроўшчынскага дзіцячага сада. Дыпломам трэцяй ступені адзначана Ксенія Кандакова з Дварэцкага яслі-сада. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі сертыфікаты аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. Спецыяльнымі сертыфікатамі адзначаны «Самы памяркоўны» ўдзельнік — Аляксей Барысенка з Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, «Самы кемлівы» — Аліса Дзірвук з Наваельнянскага яслі-сада, «Самы вынаходлівы» — Паліна Кузьма з Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы. Пераможцы інтэлектуальнага конкурсу «Любазнайка» атрымалі ў падарунак кнігі ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын».
І. КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара