Крочым вуліцамі герояў

Падзеі

72 гады мінула з дня пераможнага завяршэння Вялікай Айчыннай вайны. Зямля залячыла нанесеныя ёй раны. Але людзі помняць вайну. Неўміручая слава герояў, якія адстаялі свабоду і незалежнасць Айчыны. Яна жыве ў памяці народнай.

Шматлікія помнікі і мемарыялы землякам узведзены практычна ва ўсіх пасёлках, шматлікіх вёсках нашага раёна. Мы штодня ходзім па вуліцах нашага горада, якія названы ў гонар воінаў-вызваліцеляў.

У Дзятлаве шмат такіх вуліц, названых у гонар герояў. Барыс Булат, Валянцін Біцько, Георгій Русін, Міхаіл Белуш, Мікалай Вахонін, Павел Пятроў, Ян Фогель, Іосіф Філідовіч – гэта далёка не поўны пералік імёнаў.

Адна з ціхіх вуліц Дзятлава носіць імя Міхаіла Андрэевіча Белуша – беларускага партызана, які па-геройску загінуў, закрыўшы сваім целам варожую амбразуру. Аднойчы, калі група падрыўнікоў атрада «Кастрычнік» вярталася з баявога задання ў Ліпічанскую пушчу, з ёй сустрэўся юны Міша Белуш. Ён папрасіўся ў атрад. Было яму тады 16 гадоў. Светлавалосы, невялікага росту хлопец з фенаменальнай памяццю хутка заваяваў павагу партызан. Варта было Мішу раз прайсці па сцежцы ў лесе, нават ноччу, ён абавязкова яе запамінаў. Таму партызаны ахвотна бралі яго на баявыя заданні на чыгунку. На рахунку Міхаіла Белуша 8 падарваных варожых эшалонаў.

У 1944 годзе 16 чэрвеня, калі бой ішоў з нямецкім гарнізонам ля вёскі Купіск Навагрудскага раёна, Міхаіл Белуш здзейсніў подзвіг. Вораг умацаваўся ў жалезабетонным доце, і ўсе атакі партызан не давалі выніку. У час адной з атак Міхаілу ўдалося наблізіцца да доту. Калі чарговы раз павінна была  прагучаць каманда камандзіра адыходзіць, Міхаіл Белуш закрыў сваім целам кулямёт ворага. Гарнізон быў разбіты. Пахаваны Міхаіл Белуш у гарадскім пасёлку Карэлічы на вайсковых могілках. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені.

Яшчэ адна ціхая вуліца побач з абеліскам Славы носіць імя Мікалая Рыгоравіча Вахоніна, камандзіра партызанскага атрада “Барацьба” Ленінскай партызанскай брыгады.

Мікалай Вахонін служыў недалёка ад Беластока. У ноч на 22 чэрвеня з аўтаматам стаяў на пасту каля склада гаручага. Прыкладна каля 10-і раніцы ён убачыў, што за паваротам ідуць чорныя танкі з крыжамі, паспеў яшчэ кінуць гранату туды, дзе размяшчалася ўкапаная цыстэрна, і ўцячы. Потым з іншымі байцамі, стрымліваючы фашыстаў на рачных рубяжах, адыходзілі на ўсход. Быў вялікі бой каля Ваўкавыска, потым на рацэ Шчара, затым – каля вёскі Каменка каля Дзятлава. Тут Мікалая Рыгоравіча параніла ў руку, і ён, паранены, прыйшоў на хутар каля вёскі Хвінявічы.

Мікалай Вахонін і яшчэ некалькі байцоў, вырашылі стварыць партызанскі атрад. Першая баявая аперацыя праведзена ў вёсцы Орля, дзе былі спалены лесапільня і мост. У гонар гэтага і вырашылі назваць атрад “Арлянскі”. У пачатку верасня 1942 года Вахоніна выбралі камандзірам атрада. Партызаны мужна вялі барацьбу, за што камандзір атрада быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга, “Партызану Айчыннай вайны I ступені”. Пасля вайны з сакавіка 1947 года па 1957 год працаваў загадчыкам гаспадаркі пры Парэцкім спіртзаводзе. У 1958 годзе захварэў, пасля аперацыі памёр. Пахаваны на могілках у Хвінявічах.

На Дзятлаўскіх могілках устаноўлены помнік антыфашыстам-падпольшчыкам. Першае прозвішча, высечанае на помніку, – Г.П. Русін. Яго імем названа адна з вуліц нашага горада.

Вясной 1942 года Георгій Паўлавіч стаў сувязным першых партызанскіх атрадаў. Народныя мсціўцы далі яму заданне пераехаць у Дзятлава, уладкавацца настаўнікам у школе і збіраць звесткі аб акупацыйных органах улады і гарнізоне. Таму і прызначылі яго старшынёй Дзятлаўскага раённага антыфашысцкага камітэта.

У раёне гарэлі масты, склады сена і збожжа, узрываліся нямецкія машыны. Фашысты пачалі пошукі тых, хто мог гэта рабіць. 30 красавіка пачаліся арышты. Арыштавалі Г. П. Русіна і іншых падпольшчыкаў.

Арыштаваных дапытвалі, катавалі, але жаданых звестак фашысты не атрымалі. Ноччу 1 чэрвеня 1944 года іх расстралялі.

Астанкі замучаных былі перанесены і пахаваны на Дзятлаўскіх могілках. У 1968 годзе на магіле ўстаноўлены помнік, на якім высечаны прозвішчы 11 антыфашыстаў-падпольшчыкаў.

У гонар камандзіра партызанскага атрада “Ленінскі” Ленінскай партызанскай брыгады В. С.  Біцько названа яшчэ адна вуліца нашага горада.

У першы дзень вайны часць, у якой служыў Валянцін Біцько, уступіла ў бой з дэсантам гітлераўцаў. Валянцін Сцяпанавіч быў цяжка паранены, трапіў у палон, уцёк. У дарозе адкрыліся раны. Жыхары вёскі Вензавец далі прытулак параненаму салдату. Праз іх В. С. Біцько пазнаёміўся з савецкімі актывістамі, а тыя дапамаглі яму звязацца з Мікалаем Вахоніным, Васілём Кавязіным і іншымі былымі ваеннаслужачымі, якія жылі ў суседніх вёсках.

Валянцін Сцяпанавіч стаў адным з арганізатараў партызанскага атрада “Арлянскі”, які дзейнічаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, потым ён – начальнік штаба ў атрадах “Барацьба”, “Перамога”. З ліпеня 1943 года В. С. Біцько – камандзір Ленінскага партызанскага атрада. Баявы, рашучы, смелы – такім ведалі яго таварышы па барацьбе.

Пасля вайны Валянцін Біцько працаваў старшынёй Дзятлаўскага выканкама, загадчыкам аддзела Дзятлаўскага РК КПБ, дырэктарам ільнозавода, дырэктарам камбіната камунальнай гаспадаркі.

Мы ганарымся нашымі героямі. Памяць пра іх не згасне ніколі.

Д. ХАРОШКА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *