– Паштальёна выклікалі? – жартуем на ўваходзе ў ДРБУ №119. Убачыўшы работніка пошты пры поўным парадзе, у форме, мужчына ўсміхаецца. Пазнаёміліся: Уладзімір Вікенцьевіч Хілімончык. Працуе ў ДРБУ №119 вартаўніком. На прапанову аператара пошты Таццяны Юркевіч цяпер падпісацца на “Перамогу” замахаў рукамі.
– Ды вы што! Выпісаў! І даўно! У жонкі гэта пад кантролем.
Нас цікавілі і водгукі пра тэматыку газеты. Чытаць Уладзімір Вікенцьевіч, як высветлілася з размовы, найбольш ахвочы пра рыбалку, арэнду азярын, аплату, умовы лову. Такі ў яго інтарэс.
Сяргей Мікалаевіч Хайко, начальнік прамыслова-тэхнічнага аддзела ДРБУ №119:
– Выпісваю і чытаю “Перамогу”. Пра рыбалку – добра. І пажадана, каб мясцовая ахова прыроды давала больш сваёй інфармацыі.
Тое, што “раёнку” ў ДРБУ №119 выпісваюць і чытаюць, пацвердзіла і інспектар аддзела кадраў Тамара Іосіфаўна Сівіцкая. Яна, наша даўняя прыхільніца, пажадала “Перамозе” больш чытачоў.
– “Перамогу” выпісваем штоквартальна! – паведаміла Алена Пятроўна Пазнякова, кантралёр раёна электрычных сетак. – Цікава ж пачытаць доччыны заметкі. Яна – Света Урбан – вядзе гурток юных журналістаў ў трэцяй школе. Ды і ўнукі раз-пораз трапляюць на старонкі газеты. Мая матуля газету таксама выпісвае, цікавіцца раённымі навінамі.
– Рэсаўцы раёнку чыталі, чытаюць і будуць чытаць, – запэўніў Міхаіл Міхайлавіч Ступчык, начальнік Дзятлаўскага РЭСа. І, усміхаючыся, дадаў: “Асабліва свае артыкулы”.
Пад час наведвання ДРБУ №119 і РЭС некалькі чалавек, якія з розных прычын не аформілі падпіску на перыядычныя выданні раней, зрабілі гэта.
Падпіску на перыядычныя выданні і, у прывантнасці, “Перамогу” яшчэ можна аформіць на чэрвень у аддзяленнях сувязі і паштальёнаў.
І. Міхайлоўская