Наталля Іванаўна Юрэня, доктар-валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ:
— Наркаманія — гэта цяжкае псіхічнае захворванне, якое ўзнікае пры ўжыванні наркотыкаў. Чалавек, які ўжыў наркатычны сродак, пераступае нябачную мяжу, за якой жыццё яго рэзка мяняецца.
Чаму наркаманія вельмі распаўсюджана сярод падлеткаў? У першую чаргу таму, што падлетак яшчэ не сфарміраваўся ў паўнацэнную асобу. Ён эмацыянальна слабы, але імкнецца хутчэй стаць дарослым і вырашаць праблемы самым лёгкім спосабам. У такі перыяд падлеткі могуць быць незадаволены сабой і сваім жыццём, таму і рашаюцца паспрабаваць «смяротнае зелле». Першыя трывожныя «званочкі» могуць з’явіцца, калі непаўналетнія пачынаюць курыць. Бацькі, якія даведаліся, што іх дзіця курыць, павінны сур’ёзна занепакоіцца. Курэнне ў падлеткавым узросце сведчыць аб схільнасці дзіцяці да залежнасцяў.
Наступствы падлеткавай наркаманіі жахлівыя. Аднак, заўважыўшы першыя прыкметы залежнасці ў дзіцяці, нельга панікаваць. Важна разабрацца ў сітуацыі і дзейнічаць неадкладна. Магчыма, падлетак яшчэ не паспеў ператварыцца ў наркамана: паспрабаваў наркотык упершыню і не хоча гэтага паўтараць. Перад сур’ёзнай размовай з дзіцём складзіце для сябе спіс пераканаўчых высноваў, каб растлумачыць, чаму ўзнікла патрэба ў такой размове. Будзьце гатовыя, што вашы словы выклічуць раздражненне, аднак цвёрдая пазіцыя наконт шкоды наркотыкаў — найлепшае перакананне.
Калі ж ёсць падазрэнні, што ваша дзіця ўжывае наркотыкі, але робіць выгляд, што нічога не адбываецца, не марнуйце час — звяртайцеся да спецыяліста-нарколага. Разам з доктарам вы зможаце вырашыць, як прывесці дзіця на прыём.
Што варта рабіць бацькам, каб дзіця не зацікавілася наркотыкамі і алкаголем? Самае важнае — гэта ўласны прыклад. Тое, што чалавек бачыць з дзяцінства, ён лічыць нормай жыцця. Як вы ставіцеся да курэння і алкаголю, якія людзі наведваюцца ў госці, як праходзяць сустрэчы і адзначаюцца святы — усё гэта адкладваецца ў свядомасці дзіцяці і фарміруе ў яго пэўную мадэль паводзінаў.
Што яшчэ можна зрабіць? Няхай ваш дом будзе адкрытым для сяброў дзіцяці. Падтрымлівайце і ўдзельнічайце ў іх захапленнях (спорт, калекцыяніраванне, творчасць). Гэта ўмацуе ваш аўтарытэт, дазволіць падтрымліваць з дзецьмі даверлівыя адносіны.
Калі хочаце абараніць сваё дзіця ад наркотыкаў, наладжвайце вашы адносіны даверліва і шчыра. Размаўляйце на сур’ёзныя тэмы аб здароўі, жыцці без шкодных звычак. Тлумачце, што наркотыкі — гэта мішура, за якою — пустата.
Падрыхтавала да друку І. СТЫРНІК