Ужо некалькі гадоў запар вясной на базе сярэдняй школы №1 горада Дзятлава праходзіць раённы злёт юных інспектараў дарожнага руху. Не стаў выключэннем і 2017 год.
Конкурс ладзіцца з ініцыятывы міжраённага аддзела дзяржаўтаінспекцыі па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага раёнаў і аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама. Дзяржаўтаінспектары ацэньваюць, наколькі дасканала вучні ведаюць правілы дарожнага руху, умеюць кіраваць веласіпедамі.
Сёлета этапы конкурсу былі традыцыйныя. Тэарэтычны іспыт па правілах дарожнага руху праходзіў у камп’ютарным класе. Удзельнікі адказвалі на пытанні па шаблонах. Найлепш засвоілі тэорыю навучэнцы Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, другі вынік быў у казлоўшчынскіх школьнікаў, трэці — у каманды Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Гаспадары пляцоўкі сталі пераможцамі на тэарэтычных іспытах па аказанні першай дапамогі пацярпелым. Другое і трэцяе месцы адпаведна занялі гімназісты і хвінявіцкія школьнікі.
У конкурсе агітбрыгадаў вышэйшым балам журы ацаніла выступленне каманды Вензавецкага сада-школы. Каманда гімназіі №1 горада Дзятлава стала другой. Трэці вынік быў у гаспадароў пляцоўкі.
Парадавалі змястоўныя, яркія, цікавыя сценгазеты. Лепшыя атрымаліся ў камандаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, Раготнаўскага і Хвінявіцкага дзіцячых садоў-школаў.
Яшчэ адзін сур’ёзны конкурс, які не саступаў тэарэтычнаму — фігурная язда на веласіпедах. Лепш за ўсіх з гэтым іспытам справіліся наваельнянскія школьнікі. Другі вынік быў у каманды Дварэцкай сярэдняй школы. Трэці — у каманды сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.
У агульным заліку пераможцамі зноў сталі мінулагоднія лідары — каманда юных інспектараў дарожнага руху сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Другое месца — у юідаўцаў Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. На трэцяй пазіцыі — каманда наваельнянскіх школьнікаў. Каманды-пераможцы, лепшыя «тэарэтыкі» і «кіроўцы», былі адзначаны дыпломамі. Памятныя падарункі ўдзельнікам камандаў, якія занялі 1-3 месцы, прадаставілі міжраённая дзяржаўтаінспекцыя, раённы камітэт ГА «БРСМ», раённая арганізацыя ГА «Белая Русь».
І. СТЫРНІК
Фота П. АДАМЧУКА