Лёсы людскія
Вёска Зачэпічы, як і іншыя вёсачкі нашага раёна, пачынае па-вясноваму прыгажэць — зазелянелі палеткі, абапал дарогі падрастае трава, а вяскоўцы спяшаюць наводзіць парадак на сваіх падворках. Дом сям’і Калодкаў — адзін з «тыповых калгасных», якімі забудавана вуліца Новая, і на першы погляд мала чым адрозніваецца ад іншых. На ганку нас гасцінна сустракае гаспадыня, вітае, запрашае заходзіць.
Утульныя, светлыя пакоі, шмат хатніх кветак. Вось на парозе з’яўляецца і сам Саша, які «ахвяраваў» гэты дзень для сустрэчы з карэспандэнткай «раёнкі» і не паехаў у райцэнтр на заняткі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў «Праменьчык» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Менавіта гісторыю асаблівага чалавека і яго сям’і захацелася расказаць на старонках газеты «Перамога», тым больш што заслугаў у Сашы хапае, і яго бацькам таксама ёсць чым падзяліцца.
Уласна кажучы, у загадчыцы фермы «Зачэпічы» Тэрэсы Вітольдаўны і работніка Гезгалаўскага лясніцтва Уладзіміра Яўгенавіча Калодкаў двое сыноў — старэйшы Саша і малодшы Павел, які вучыцца ў сталіцы на будаўніка. Аднак па іроніі лёсу менавіта Аляксандр, які пакутуе на сіндром Даўна, больш вядомы ў раёне, чым яго брат.
Саша ўжо некалькі разоў пабыў у Віцебску, дзе разам з наведвальнікамі «Праменьчыка» ўдзельнічаў у «Славянскім базары». Аляксандр Калодка з Ульянай Лукашэня і Таццянай Уласевіч станцавалі «Выпадковае знаёмства», якое прынесла «Праменьчыку» перамогу на «Славянскім базары-2013».
Часта Аляксандр любіць весяліць гасцей аддзялення ў ролі Веркі Сярдзючкі. Гэта не толькі персанаж, які ўдала капіруе Саша, але і яго любімая «спявачка».
Што тычыцца нядаўніх поспехаў Сашы Калодкі, то на іх быў багаты 2016 год. Летась Аляксандр быў адзначаны граматай абласной арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» за тое, што прымае актыўны ўдзел у жыцці абласной арганізацыі і аддзялення «Праменьчык». Яму падзякаваў і ўручыў узнагароду старшыня абласнога таварыства інвалідаў Васіль Лукашэвіч.
Наогул, асаблівыя людзі Дзятлаўшчыны — частыя госці разнастайных фестываляў і конкурсаў. Летась дыплом удзельнікаў папоўніў скарбонку дасягненняў аддзялення па выніках Міжнароднага фестывалю для людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Музыка нашых сэрцаў» сацыяльна-дабрачыннай установы «Дарогаю дабрыні». Гаспадарамі пляцоўкі фестывалю з’яўляюцца Рычард і Яніна Казюкі, уладальнікі фальварка «У Рыся» (вёска Карэвічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці).
Нядаўна Аляксандр Калодка, Ульяна Лукашэня, Таццяна Уласевіч разам з педагогам Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Кацярынай Бальшой вывучылі новы танец «Камарова». Цяпер працуюць над песняй-танцам «Чорны кот» і музычным папуры для фестывалю «Калі мы разам — мы мацнейшыя». Варта спадзявацца, што і гэтыя нумары ў хуткім часе могуць стаць «пераможнымі».
Мама Сашы Тэрэса Вітольдаўна Калодка расказвае, што яе сын вельмі любіць сцэну, любіць выступаць, спяваць, танцаваць, дарыць людзям радасць. Наогул, ён вельмі добры, уважлівы, клапатлівы хлопец. Калі хварэе хто-небудзь з блізкіх, Саша заўжды знаходзіцца побач. За хворых знаёмых — моліцца Богу. Дома ён галоўны памочнік бацькоў. Любіць клапаціцца пра курэй, качак, трусоў, катоў, сабаку. Сам прыносіць дровы, прыбірае ў хаце, мые посуд, дапамагае тату, калі ён гатуе. Дома Сашу называюць «татавым хвосцікам», бо хлопец любіць працаваць з бацькам або проста назіраць, чым той займаецца.
У вольны час Аляксандр чытае казкі, перапісвае ў спецыяльны сшытачак вершы, якія найбольш яму спадабаліся, танцуе, спявае, глядзіць мультфільмы, любімы сярод якіх — «Чарапашкі нінздя».
Тэрэса Вітольдаўна прызнаецца, што вельмі ўдзячна педагогам Дзятлаўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі за тое, што сын умее чытаць, пісаць, лічыць. У цэнтры Саша скончыў 9 класаў з аблегчанай праграмай, навучыўся ўсяму таму, што сёння дапамагае яму ў жыцці, нягледзячы на захворванне.
Што ж такое сіндром Даўна? Як падказвае статыстыка, гэта найбольш распаўсюджаная генетычная анамалія, калі ў 21 пары храмасомаў з’яўляецца лішняя — трэцяя. На кожныя 700 немаўлят адзін нараджаецца на свет з сіндромам Даўна. Хвароба не залежыць ад расы, кліматычнай зоны, сацыяльнага слою або ладу жыцця бацькоў, іх здароўя і адукаванасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі з сіндромам Даўна нараджаюцца аднолькава часта, а іх бацькі маюць нармальны набор храмасомаў. Наяўнасць генетычнай анамаліі абумоўлівае з’яўленне шэрагу асаблівасцяў, у выніку якіх дзіця будзе павольней развівацца, цяжэй вучыцца. Затое такія дзеці вылучаюцца асаблівай дабрынёй і жыццярадаснасцю, за што іх яшчэ называюць «сонечнымі».
Дваццацішасцігадовы Аляксандр Калодка не выключэнне з правілаў. Ён ніколі не зможа працаваць як звычайныя людзі, затое хлопец умее майстраваць адмысловыя рэчы. Так, разам са спецыялістамі «Праменьчыка» яго «асаблівыя» наведвальнікі майструюць розныя дэкаратыўныя рэчы, вырабы з паперы, нітак, лёну, іншых матэрыялаў. З Марынай Генадзьеўнай Шэлег — кіраўніком гуртка «Пчолка», які працуе ў аддзяленні, — з пластыкавага бісеру робяць магніцікі на халадзільнік і іншыя прыемныя дробязі.
Саша не абдзелены ўвагай блізкіх, у яго ёсць сябры, знаёмыя. Па словах Тэрэсы Вітольдаўны, гэтаму спрыяе наведванне аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Сашыны бацькі вельмі ўдзячныя дырэктару Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяне Сямёнаўне Нікіпорчык і спецыялістам «Праменьчыка» Валянціне Расціславаўне Саламевіч і Алене Пятроўне Калюцік за тое, што працуе такое аддзяленне, што жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі насычана цікавымі падзеямі, сустрэчамі, вандроўкамі, што яны вынікова прымаюць удзел у конкурсах, фестывалях, праектах, што на старонках раённай газеты друкуецца інфармацыя пра іх.
— Мы ганарымся сваім сынам, — гавораць Тэрэса Вітольдаўна і Уладзімір Яўгенавіч Калодкі. — І галоўнае, чаго жадаем Сашу і такім людзям, як ён, — не хварэць і не сумаваць. А стойкасці, жыццярадаснасці і дабрыні ў іх могуць нават павучыцца здаровыя людзі.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота з альбома сям’і Калодкаў.