Пакет дакументаў аб спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі вынесены на грамадскае абмеркаванне

Падзеі

Пакет нарматыўных прававых актаў аб спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі вынесены на грамадскае абмеркаванне. Дакументы размешчаны 12 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, дзе з імі можа азнаёміцца любы жадаючы, паведамляе БЕЛТА. Пакет уключае праекты дэкрэта і некалькіх указаў. Як растлумачыў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Валерый Міцкевіч, асноўныя змяненні ў дэкрэце прадугледжваюць спрашчэнне працэдуры адкрыцця бізнесу і вядзення сваёй справы. Напрыклад, каб адкрыць кафэ, прадпрымальніку будзе дастаткова паведаміць аб гэтым мясцовым органам улады. Пры гэтым бізнесмен гарантуе, што будзе выконваць усе неабходныя патрабаванні. А іх пералік прапануецца мінімізаваць — такую задачу паставіў кіраўнік дзяржавы.
Валерый Міцкевіч расказаў, што ў прапануемых для грамадскага абмеркавання дакументах прадугледжана: «усе цяпер дзеючыя пажарныя, санітарныя правілы будуць адменены, а новыя зацверджаны ў мінімальным варыянце актам кіраўніка дзяржавы». Пералік будзе абмяжоўвацца асноўнымі абавязковымі для выканання патрабаваннямі. Усё астатняе застанецца ў выглядзе рэкамендацый. Сярод дакументаў ёсць рэгулюючы кантрольна-наглядную дзейнасць. Ім прадугледжваецца істотнае змяншэнне колькасці праверак. У прыватнасці, планавыя наогул будуць адменены. «Застануцца толькі пазапланавыя і строга па вызначаных у дакуменце падставах», — сказаў Валерый Міцкевіч. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць выключыць праверкі па надуманых прычынах. Прапануецца таксама ўвесці ў Беларусі інстытут падатковых кансультантаў, своеасаблівых пасрэднікаў паміж бізнесам і падатковымі органамі. Гэта павінна пазбавіць бізнес ад неабходнасці ўнікаць ва ўсе тонкасці падаткаабкладання. Задача прадпрымальніка будзе ў тым, каб прадастаўляць падатковым кансультантам правільныя даныя. «Яны будуць несці адказнасць за паўнату выплаты падаткаў, за іх правільнасць і адказваць, калі што-небудзь не так», — адзначыў Валерый Міцкевіч. Адначасова са спрашчэннем патрабаванняў, іх канкрэтызацыяй прапануецца ўзмацніць адказнасць уладальнікаў бізнесу за іх захаванне. Грамадскае абмеркаванне дакументаў будзе праводзіцца на працягу месяца. Усе прапановы будуць разглядацца ў працэсе іх дапрацоўкі. Прэзідэнту будзе прадстаўлены абноўлены варыянт. Ад бізнесу і грамадзян чакаюць канкрэтных прапаноў па разняволенні дзелавой ініцыятывы.
БелТА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *