У вытворчасці Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь знаходзіцца крымінальная справа, узбуджаная па прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэта ўхіленне бацькоў больш за тры месяцы на працягу года ад уплаты па судовай пастанове сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей.
Так, грамадзянін І. з’яўляецца працаздольнай асобай. На яго, згодна з рашэннем суда, ускладзены абавязак па выплаце аліментаў на карысць грамадзянкі С. у памеры 25% заробку і (або) іншага даходу штомесячна на ўтрыманне непаўналетняга сына да дасягнення ім паўналецця. Аднак грамадзянін І. больш за тры месяцы на працягу года ўхіляўся ад выплаты аліментаў.
Цяпер неплацельшчыка чакае пакаранне. Санкцыі артыкула прадугледжваюць грамадскія работы або папраўчыя работы да двух гадоў, ці арышт або абмежаванне волі да трох гадоў, або пазбаўленне волі да аднаго года.
І. ЯНОВІЧ,
следчы Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта