Наваельнянскай школе — 50 гадоў

Падзеі

Свой паўвекавы юбілей з дня пераходу ў новы будынак адзначыла Наваельнянская сярэдняя школа. У ліку гасцей свята былі старшыня раённага Савета дэпутатаў (ранейшы дырэктар школы) А. Бараноўскі, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Жадзейка, старшыня Наваельнянскага сельвыканкама І. Кунахавец, настаяцель царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня айцец Валерый Мануйла, мясцовыя жыхары, былыя вучні, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.

У фае школы гасцей вітаў Наваельнянскі духавы аркестр. У актавай зале можна было паглядзець сценгазеты з архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі з жыцця школы.

Першай прысутных павітала дырэктар установы М. Лашкоўская:

— Наша школа — гэта дом, які пабудавалі ўсе мы. Ён склаўся з цаглінак нашых справаў, якасцяў, талентаў — кожны ўнёс штосьці сваё. Юбілей установа адзначае ў добрай працоўнай форме. З кожным годам аднаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база і кабінеты, парадкуецца прышкольная тэрыторыя. Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву, наша ўстанова з’яўляецца шматгадовым лідарам раённага рэйтынгу якасці адукацыі, дабіваецца высокіх вынікаў у конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях. Па выніках 2016 года Наваельнянская сярэдняя школа ўзнагароджана дыпломам першай ступені ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстановаў адукацыі.

Навучэнцы, якія ў дзень юбілею сталі і вядучымі, і самадзейнымі артыстамі, і нават акцёрамі і рэжысёрамі, прапанавалі гледачам правесці свята ў форме скетч-шоу — шасці кадраў пра жыццё школы.

У кадры першым «Як гэта было?» узгадалі мінулае, у тым ліку прозвішча выдатніка народнай адукацыі БССР, стваральніка духавога аркестра пасёлка Наваельня У. Тулейкі.

Запрасілі на сцэну былога дырэктара, а цяпер старшыню раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскага. Ён асабіста і ад імя старшыні райвыканкама А. Дубовіка павіншаваў калектыў, ветэранаў працы, навучэнцаў школы з юбілеем, падзякаваў за поспехі, пажадаў далейшых перамогаў і ўручыў узнагароды. Падзячнымі пісьмамі адзначаны кіраўнік народнага музея «Дзеці ліхалецця» Т. Крывеня, сацыяльны педагог Т. Бялятка.
Да віншаванняў далучылася старшыня Наваельнянскага сельвыканкама І. Кунахавец, якая пачынала сваю працоўную дзейнасць у гэтай школе.

Кадр «Аб’ядноўвай і накіроўвай» нагадаў імёны дырэктараў і завучаў, іх справы на карысць установы. Калектыў і ветэраны працы прымалі чарговыя віншаванні ад намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Жадзейка і старшыні раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі С. Фабішэўскага. Лепшыя педагогі школы былі адзначаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Гэта М. Лашкоўская, А. Варанец, Н. Карэйчанка, С. Навагран, Г. Савасцюк, Т. Умоўская.

Кадр «Ніхто не забыты. Нішто не забыта» нагадаў аб заслугах настаўнікаў і іх вучняў на працягу 50 гадоў. Ушанавалі хвілінай маўчання педагогаў, якіх ужо няма побач.

Чацвёрты кадр быў прысвечаны выпускнікам. Цёплыя, шчырыя словы і пажаданні на адрас педагогаў і ветэранаў працы выказала выпускніца ўстановы, дачка аднаго з колішніх дырэктараў Таццяна Яўгенаўна Лазовік.

«Навучаючы іншых, вы вучыцеся самі» — пяты кадр святочнага скетч-шоу. З дапамогай відэаролікаў навучэнцы пазнаёмілі гасцей з буднямі і святамі ўстановы, крыху пажартавалі.

«Храмам навукі» школу назваў праваслаўны святар Валерый Мануйла, які шмат гадоў супрацоўнічае з настаўнікамі. Айцец Валерый зазначыў, што, навучаючы дзяцей, педагогі выконваюць Божы запавет: «Будзьце дасканалыя, як я дасканалы ёсць».

Віншаванні і падарункі для калектыву школы падрыхтавалі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.
Апошні кадр «Крыніца ўсяго. Пачатак усіх пачаткаў» быў прысвечаны дзецям. Яны падарылі сваім настаўнікам відэавіншаванні, песні, шчырыя словы падзякі.

Юбілей прадоўжыла экскурсія ў школьны народны музей «Дзеці ліхалецця».

І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *