«Кірмаш вакансій» у Дзятлаве

Падзеі

5 красавіка прайшоў чарговы «Кірмаш вакансій». На гэты раз ён ладзіўся ў кінатэатры «Спадарожнік» горада Дзятлава. Тут мясцовыя беспрацоўныя маглі сустрэцца і пагутарыць з наймальнікамі.

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама прадстаўлялі намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці Алена Савань і спецыяліст аддзела Марыя Мілейка. Сярод прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна былі спецыялісты ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», Дзятлаўскага раённага вузла паштовай сувязі, раённай бібліятэкі, раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, санаторыя «Радон», Дзятлаўскага лясгаса, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, Будкомплекса, ДРБУ №119, Дзятлаўскага ўчастка ВУ «Слонімгаз», Дзятлаўскага раёна электрасетак, Дзятлаўскага філіяла ДП «Гроднааблпаліва», жылкамунгаса, камунальных сельскагаспадарчых  унітарных прадпрыемстваў раёна.

На пачатку «Кірмашу вакансій» у зале было каля 70 чалавек. Жадаючыя працаўладкавацца папрасілі азнаёміць іх з поўным пералікам вакансій. Ён быў зачытаны. Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў сваю чаргу прапанавалі выслухаць кожнага беспрацоўнага індывідуальна і адшукаць магчымыя варыянты працаўладкавання для кожнага чалавека канкрэтна. Такая прапанова зацікавіла 18 чалавек, астатнія ўпадабалі ролю назіральнікаў. На прапановы спецыялістаў аб працаўладкаванні або праходжанні курсаў навучання на іншую спецыяльнасць пагадзіліся 11 чалавек. Яны пакінулі свае кантакты. Таксама высветлілася, што некаторыя з прысутных ужо ходзяць на грамадскія работы ў лясгас або на пераборку бульбы. Яны таксама змаглі азнаёміцца з вакансіямі. Дарэчы, у раённым банку вакансій зарэгістравана іх звыш 200. Афіцыйна ў якасці беспрацоўных на Дзятлаўшчыне на 1 красавіка 2017 года зарэгістраваны 95 чалавек. Самая запатрабаваная ў раёне спецыяльнасць — механізатар. Цяпер набіраюць групу жадаючых стаць механізатарамі. Яны пройдуць навучанне на пяцімесячных курсах у Зэльве з бясплатным пражываннем, стыпендыяй і наступным працаўладкаваннем у гаспадаркі раёна.

Пакуль што «Кірмашы вакансій» праходзяць на Дзятлаўшчыне прыкладна раз у тыдзень. Гэту практыку плануюць прадоўжыць.

І. ЛЕАНІДАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *