Яму — 95. Брава, музыка!

Падзеі

Пра жыццё і музыку Івана Конана

Вайна застала Івана Конана на хутары пад Хвінявічамі. Мабілізаваць яго ў Чырвоную Армію не паспелі, а можа проста не глянуўся ён чырвоным камандзірам. Хоць і стукнула хлопцу 19 гадкоў, але расточку невялікага, худзенькі. Атрымалася зусім як у зухаватай некалі песні: “…без тебя большевики обойдутся”. А вось новая нямецкая ўлада не абышлася: і паехалі браты Конаны – Іван ды Грыша – у дашчатым грузавым вагоне эканамічна мацаваць трэці рэйх. Мабілізавалі іх, і не толькі іх у хвінявіцкім наваколлі, на прымусовую працу ў Германію.

Прывезлі ў Саксонію.

– У Ляйпцыг, – удакладняе Іван Якаўлевіч. Мы сядзім з ім на канапе ў Засецці і спрабуем скласці, няхай бы і сціслую, гісторыю яго 95-гадовага жыцця. Трымаецца мой субяседнік бадзёра, пазвоньвае медалямі на пінжаку, але памяць яму раз-пораз здраджвае.

– Даўно было, за немцамі, – перыядычна адфутбольвае ён мае спробы ўдакладніць гады і месцы падзеяў. Ды і не цікавыя яму гэтыя лічбы-геаграфія, ён засяроджаецца на эмоцыях, на яркіх эпізодах былога з ім. У такія гады мае на гэта права. Вось “Ляйпцыг” Іван Якаўлевія вымаўляе цвёрда, упэўнена – зарубка ў памяці не выклікае аніякага сумнення. І гучыць назва горада менавіта па-нямецку – Ляйпцыг.

– Шпрэхен зі дойч? – здагадваюся, што ён ведае нямецкую мову, прынамсі, дастаткова, каб размаўляць у побыце.

– Я, я! Зэр гут! – ахвотна падхоплівае суразмоўца, і кажа, што мог быць нават перакладчыкам з нямецкай. За тры гады ў Германіі нямецкую ён добра-такі падвучыў. Немцы, відаць, адразу даўмеліся, што перад імі, няхай і вясковы з пяццю класамі адукацыі, але кемлівы хлопец. Можа, якраз таму хвінявіцкаму Івану ў Саксоніі і пашанцавала.

Новапрыбыўшага гастарбайтара адабралі для працы ў аэрапорце. Аэрапорт мясціўся паміж суседнімі гарадамі Лейпцыгам і Галле, ён і цяпер там месціцца – называецца “Лейпцыг-Галле”. І знакаміты, між іншым, тым, што самалёты з тэрміналу да ўзлётна-пасадачных палосаў вырульваюць над… аўтабанам і чыгункаю. Відовішча для тых, хто гэта бачыць упершыню, уражлівае: зверху раз-пораз праязджаюць масіўныя “Боінгі”, знізу бясконцым патокам імчаць аўтамабілі.

Аэрапорт “Лейпцыг-Галле” месціцца ў невялікім гарадку Шкойдзіц. У час вайны там і рамантавалі самалёты.

– Мы з галандцам латалі крылы, – удакладняе Іван Якаўлевіч – Я трымаю, а ён свідруе…

Жылі як для ваеннага часу няблага. Маладосць дапамагала ўсё перацярпець. Начавалі ў бараках, удзень працавалі ў майстэрні. Орднунг (парадак, дысцыпліну) не парушалі, і ўлады аэрапорта інтэрнацыянал гастарбайтараў асабліва не прыцяснялі.

З “нямецкіх” гадоў, акрамя ўспамінаў, засталося ў Івана Якаўлевіча захапленне губнымі гармонікамі. Вось і пры нашай размове, знясіліўшыся ад успамінаў, ён не-не ды і падхопліваўся:

– Павесяліць, мо? На гармоніку…

Урэшце я здаўся: грай, музыка! І ён зайграў. Нечакана хораша зайграў. Даўнейшыя, ніколі, здаецца, не чутыя мелодыі.

– А як вы з Германіі ехалі? – дапытваюся ў музыкі.

– Немцы ўцяклі і мы паўцякалі, – кажа.

Іван Конан вярнуўся дахаты, а ў канцы 1945 года быў прызваны на вайсковую службу. 7 лістапада 1945 года ён урачыста прыняў прысягу ў 94-ым асобным батальёне аховы. Адслужыў толькі год. У лістападзе 1946-га яго звольнілі ў запас паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 кастрычніка 1946 года. Праўда, на вайсковую службу ён яшчэ трапіць. Амаль праз 10 гадоў у 1955-ым яго прызавуць на 90-дзённыя вайсковыя зборы, і стане ён пасля курса навучання наводчыкам экіпажа сярэдняга танка.

А ў цывільным жыцці будзе і гонтарэзчыкам у райпрамкамбінаце (відаць, някепскім, што засведчаць запісы ў працоўнай кніжцы пра аб’яўленыя падзякі за выкананне і перавыкананне нормаў выпрацоўкі ў 1956-ым і два разы ў 1957 годзе), і рабочым лесазавода, і ў міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі будзе працаваць, і на завяршэнне сваёй пралетарскай кар’еры стане качагарам. Спачатку на Дзятлаўскім галаўным маслазаводзе (гэтак, паводле запісу ў працоўнай кніжцы, называлася прадпрыемства), потым – на Дзятлаўскім хлебакамбінаце. Апошні запіс у яго працоўнай кніжцы з’явіцца ў 2002 годзе. 29 лістапада Івана Конана звольняць з працы ў РУП “Аўтамагістраль”, дзе ён служыў вартаўніком. Будзе яму на той час 80 гадкоў.

А душа яго праз усе гады будзе спяваць разам з губным гармонікам. Са сцэны Засецкага клуба і не толькі яго. Валянціна Адольфаўна Емяльянчык, загадчыца клуба на працягу трох дзесяцігоддзяў, прыпамінае, што праблемаю для яе было не запрасіць да ўдзелу самабытнага музыку, а “сцягнуць” яго са сцэны. Іван Якаўлевіч, акрамя таго, што наігрываў на губным гармоніку і “польку”, і “кракавяк”, і “мазурку”, і яшчэ многа што, да ўсяго і прыпеўкі спяваў. І вось праходзіць аднаго разу, недзе ў канцы 1990-х, у Засецці раённы агляд-конкурс “Грай, гармонік”. На сцэне – Іван Конан. Рэгламент свайго выступлення выбраў і раз, і два, і тры, а на ўсе знакі з-за кулісаў вызваліць сцэну не рэагуе. Захапіўся, і сыпле то прыпеўкамі, то жартамі, то зноў зайграе. Такі ўжо завадны чалавек.

З фальклорным гуртам Засецкага клуба Іван Конан выступаў і на абласной сцэне. Кажуць, вельмі ўдала дапаўнялі яны адзін другога з погірскім скрыпачом Іванам Андрэевічам Крагельскім. Што “Брава” крычалі ім у Гродне помніць і сам Іван Якаўлевіч.

У фальклорным гурце спявала і жонка Івана Конана – Дар’я Іосіфаўна. Пажаніліся яны ў 1948 годзе, а ў Засецце перасяліліся ў 1962-ым. Тут хату збудавалі, сыноў Мікалая і Аляксандра гадавалі. Метадыст Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Т. Янушкевіч прыгадвае, што Дар’я Іосіфаўна, акрамя таго, што спявала, яшчэ вязала кручком вельмі прыгожыя карункі. А лёс яе таксама няпросты, давялося і ёй у маладосці зведаць прымусовую працу ў Германіі, вярнулася з наколатым нумарам на руцэ. Яе не стала каля года назад.

І цяпер над Іванам Якаўлевічам, якому ў пачатку красавіка споўнілася 95, апякуецца пераважна сын Мікалай, мінчанін. А яшчэ – суседзі, калі ад’язджае за сваімі клопатамі сын. І абодва Конаны – бацька і сын – ім вельмі ўдзячны. Менавіта Яніне Міхайлаўне Андрукевіч, Алене Іосіфаўне Вішнарэўскай, Алене Віктараўне Мацукевіч. Жывуць вяскоўцы па-суседску дружна, дапамагаюць адзін другому. Апякуецца над Іванам Якаўлевічам і сацыяльны работнік Вольга Слізевіч: у хаце прыбярэ, паесці згатуе. Праведвае ветэрана працы старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама А. Маркушэўскі. А летась вуліцу Лугавую ў Засецці, дзе жыве І. Конан, пры актыўным спрыянні старшыні райвыканкама А. Дубовіка, заасфальтавалі.

Развітваемся з Іванам Якаўлевічам на вуліцы, ён сам выйшаў праводзіць.

Ці дажыве ён да 100 гадоў, пытаецца ў мяне.

– Абавязкова! – кажу.

– Тады прыязджай ізноў, я табе зайграю, – паабяцаў мне.

Б. ВАРНА

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *