Хатні гвалт — больш, чым сямейны скандал

Падзеі

Людзі лічаць, што гвалт — гэта нармальная з’ява жыцця. Нам неабходна змяніць такое стаўлене да гэтага.

«… Муж часта прыходзіў дахаты п’яны. Тамара ведала, што адзіная магчымасць пазбавіцца ад біцця — маўчаць, згаджацца з усім, рабіць тое, што ён хоча. Аднак і гэта не заўсёды ўратоўвала яе і дзяцей.

— Трэба ж было мне ажаніцца з такой дурніцай! Ты нічога не ўмееш рабіць, адкуль у цябе рукі растуць! — муж казаў гэта кожны дзень.

Тамара адчувала сябе зняважанай, нікчэмнай, вельмі адзінокай. Ёй стала па-сапраўднаму страшна, калі аднойчы пачула:

— Не думай спрачацца, бо задушу!

Яна не ведала, колькі на самой справе зарабляе муж. Грошы ён выдаваў дакладна разлічваючы сямейныя і яе магчымыя траты. Часам у яе кішэні не было грошай нават на праезд.
Калі ёй прапанавалі работу, муж забараніў працаваць:

— Табе што, грошай не хапае. Сядзі дома, займайся хатняй гаспадаркай!».

Гэта прыклад тыповай жыццёвай сітуацыі, у якой чалавек сутыкаецца з гвалтам. Падвяргацца гвалту можа любы, аднак у сям’і ад яго найчасцей пакутуюць жанчыны. Асабліва цяжкія перажыванні выпадаюць на долю дзяцей, якім даводзіцца назіраць за тым, як бацька здзекуецца з маці. Жыццё жанчыны, якая мірыцца з пакутамі, найчасцей абумоўлена міфамі і стэрэатыпамі: «Б’е — значыць кахае; мужчына з-за фізіялогіі не можа кантраляваць сваёй агрэсіі; у жанчыны адна дарога — ад печкі да парога».
Аднак гэта — звычайная спроба апраўдаць хатні гвалт. Гвалт не можа быць апраўданы вялікімі пачуццямі, каханнем, недахопам выхавання або колькасцю выпітага алкаголю. Культурныя, сацыяльныя і этнічныя традыцыі не могуць служыць апраўданнем гвалту.

Хатні гвалт, як эпідэмія, не выбірае сваіх ахвяраў у якіх-небудзь канкрэтных сацыяльных або этнічных групах. Ён прысутнічае ў сем’ях розных слаёў насельніцтва. Але там, дзе ёсць гвалт, — няма сям’і. Пра гэта варта памятаць і не баяцца гэта асэнсаваць і прыняць. Выхад ёсць заўжды. Мы можам знайсці яго разам!

Агульны тэлефонны нумар для дапамогі ахвярам хатняга гвалту — 170 (са стацыянарнага тэлефона і МТС).

Тэлефон «Гарачай лініі» Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна 2-71-53.

В. СТУПЧЫК,

псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *