Дыялог думак
Кацярына Хілімончык, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ»:
— Наркаманія — галоўны вораг нашага часу. Яна «прыгаворвае» чалавека да смерці. І, як правіла, з-за наркотыкаў гінуць маладыя людзі ў самым росквіце сілаў і магчымасцяў. Яны добраахвотна разбураюць свой арганізм. Ужыванне наркотыкаў вельмі хутка прыводзіць да ўзнікнення нарказалежнасці. На гэтай стадыі наркотык пачынае адігрываць вядучую ролю ў абменных працэсах арганізма наркамана: становіцца для яго такім жа неабходным, як паветра, вада, ежа. Калі своечасова не пачаць лячэнне гэтай страшнай хваробы, яна прывядзе да ранняй пакутлівай смерці.
Народная мудрасць гаворыць: «У здаровым целе — здаровы дух». Толькі здаровы лад жыцця засцеражэ маладых людзей ад залежнасцяў. Заўсёды варта памятаць, што здароўе — найвялікшае багацце ў жыцці любога чалавека. Таму я заклікаю моладзь жыць здарова і цікава. Задавальненне можна атрымаць ад самых простых рэчаў: музыкі, кнігаў, заняткаў спортам, танцаў, а галоўнае — ад стасункаў з сябрамі. Навошта залежаць «ад смяротнага зелля», калі можна быць свабодным. Жыццё і здароўе варта берагчы і не забруджваць дрэннымі звычкамі, каб не страціць іх нечакана, каб ніколі не пашкадаваць аб няправільным, неабачлівым выбары.
Запісала І. КАЎКЕЛЬ