Жаночая каманда “Белтэрміз” з вялікім адрывам ад сапернікаў перамагла ў сваёй групе “А” 1-й лігі чэмпіяната вобласці. Каманда атрымала перамогі ва ўсіх шасці матчах, набрала 17 ачкоў.
На наступным этапе розыгрышу – у паўфінале – першынства “Белтэрміз” сустрэнецца з прадстаўніком групы “Б”, які заняў другое месца ў сваёй групе. Гэта будзе або лідская, або свіслацкая каманда.
Два паўфінальныя матчы адбудуцца, паводле расклада, 22 і 30 красавіка. Першы матч “Белтэрміз” згуляе ў гасцях.
Фінальныя матчы (за 1-2 і за 3-4 месцы) прызначаны на 14 мая.
Мужчынская каманда Дзятлаўскага раёна таксама выйграла групавы турнір (група “А”) у 1-й лізе чэмпіяната вобласці. Але барацьба ў групе, у адрозненні ад жаночага першынства, была напружаная. Сведчаннем таму – фінішнае становішча. Дзве каманды – Дзятлаўскага і Астравецкага раёнаў – завяршылі групавы турнір з аднолькавым наборам ачкоў – па 11. А вось дадатковыя паказчыкі ў дзятлаўчан аказаліся лепшыя. Розніца партый у нашых – плюс 5 (14:9), у астравецкіх валейбалістаў – плюс 2 (14:12). Акрамя таго, абедзьве асабістыя сустрэчы нашы ў сапернікаў выйгралі – 3:0 і 3:2.
Далей каманды Дзятлаўскага і Астравецкага раёнаў чакаюць па два паўфінальныя матчы з дзвюма лепшымі камандамі групы “Б”. Зусім верагодна, што імі стануць каманды Свіслацкага і Гродзенскага раёнаў.
Тэарэтычна магчыма, што дзятлаўскія і астравецкія валейбалісты яшчэ раз сустрэнуцца, калі сінхронна выйграюць у паўфінальным раундзе ці прайграюць.
Найбольш верагодны сапернік дзятлаўчан у паўфінале – гродзенская каманда.
Паўфінальныя матчы, як і ў жанчын, адбудуцца, паводле раскладу, 22 і 30 красавіка, фіналы за 1-2 і 3-4 месцы – 13 мая.
Б. ВАРНА