Пра Дэкрэт №3

Падзеі

Дзмітрый Вінцукевіч:

Што я па-сапраўднаму бачу станоўчага ў Дэкрэце №3, дык гэта тое, што і “тунеядцы”, і тыя, у каго сёння ёсць стабільная праца, і ўлада, увогуле ўсё грамадства, урэшце, усур’ёз задумаюцца над праблемамі занятасці, беспрацоўя, падрыхтоўкі кадраў, увогуле над тым, што называецца працоўныя рэсурсы краіны. Гэта ўсё вельмі сур’ёзныя рэчы. Мы ведаем з гісторыі, чыталі ў кнігах, бачылі ў кіно, што калі нейкі горад, рэгіён у любой краіне накрывае эканамічная дэпрэсія і людзі губляюць працоўныя месцы, застаюцца без стабільнага даходу, пачынаецца працоўная міграцыя. А гэта пераезды, змушаная страта абжытага дома, часткі, большай ці меншай, маёмасці, увогуле змена жыццёвых абставін. І далёка не кожны адважыцца на пераезд. Гэта ўсё моцна ўплывае на самаадчуванне людзей.

Не думаю, што ўсе тыя, хто на сённяшні дзень трапілі ў катэгорыю “тунеядцаЎ” закаранелыя лайдакі. Ёсць, безумоўна, і такія. Але многія проста не могуць знайсці работу. Асабліва ў невялікіх гарадах, пасёлках. Што рабіць? Ствараць новыя рабочыя месцы. Калі на гэта няма сродкаў у дзяржавы, тады трэба ствараць умовы, каб незанятыя людзі самі стваралі сабе рабочыя месцы. Аглядзіцеся вакол, ці многа ў нас у невялікіх гарадках, у тых жа пасёлках дробнага сэрвісу? Невялікіх кафэ, напрыклад. Ці ведаеце вы месцы, дзе выпякаюць і тут жа, з печы, з латка прадаюць гарачыя булачкі, дамашні хлеб, іншыя харчовыя вырабы. Такіх месцаў наогул няма. А некалі ж былі, і многа. А чаму цяпер няма? Таму што дробная вытворчасць, асабліва прадуктаў харчавання, абстаўлена такімі звышпатрабаваннямі, што выканаць іх проста немагчыма. І немагчыма заняцца той жа выпечкай дамашняга хлеба ці хоць бы беляшоў, якія праз 10 мінут пасля выпечкі можна вынесці на вуліцу і тут жа прадаць. Думаяце, не купілі б? Я першы купіў бы.

Калі паслабленне ціску на малы і сярэдні бізнэс, пра што цяпер многа гаворкі, рэальна адбудзецца, людзі смялей пачнуць займацца прадпрымальніцтвам, знаходзіць сабе працоўны занятак і даход. І плаціць падаткі будуць, і, заплаціўшы, спаць спакойна.

Кацярына Верабей:

Я ніколі не буду “тунеядкаю”. Гэта не для мяне. Я проста не магу сядзець і нічога не рабіць. Проста не магу і ўсё. Я пакуль студэнтка і магу толькі ўяўляць, што калі-небудзь застануся без працоўнага месца недзе ў арганізацыі. Што буду рабіць? Ды што заўгодна. Радыску вырошчваць хоць на агародзе, хоць на падаконніку. Кручком вязаць буду, я ўжо крышку ўмею, бабуля навучыла. Куплю спецыяльную машынку для вязання, ёсць такія. У Інтэрнэце работу буду шукаць. Былі б рукі, работа знойдзецца. Лічу, хто здаровы, хто можа працаваць, трэба каб працаваў. Якое жыццё без працы? Гэта ж памерці ад аднаго суму можна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *