Малочная рака з “Парэчча 777”

Падзеі

МТФ “Парэчча 777” КСУП “Хвінявічы” з плюсам адпрацавала ў 2016 годзе, плюсуе і сёлета

“Тэхналогію трымаем з усіх сіл” – гэтыя словы я пачуў ад Марыі Сяргееўны Слушко, галоўнага заатэхніка КСУП “Хвінявічы” ў красавіку 2015 года. Размова наша тады скіравалася да племянной работы, і працытаваныя словы датычылі дарошчвання цялушак для будучага малочнага статка. У той дзень Марыю Сяргееўну ўсцешыла экспертная ацэнка кансультанта: цялушкі на комплексе радуюць вока. Было ёй прыемна і ад высокай ацэнкі ўжо зробленага і яшчэ больш прыемна ад абяцанай перспектывы росту.

Сёння, амаль праз два гады, МТФ “Парэчча 777” дае дзве трэці ад усяго малака “Хвінявічаў”. За мінулы 2016 год гэта ні многа ні мала, а 4284 тоны. І каб лепш уявіць названы аб’ём, прывяду такое параўнанне: гэта чыгуначны эшалон з 71 цыстэрны.

Спажывайце, людзі, на здароўе. І ў якасці парэцкага малака не сумнявайцеся: за леташні год 90 працэнтаў прадукцыі рэалізавана элітным гатункам “экстра”, астатнія 10 – вышэйшым гатункам.

– Мы пільна сочым за якасцю малака, – зазначыла М. Слушко. – Увогуле пільна адсочваем здароўе нашых каровак, пачынаючы ад самага раздою. Гэта вельмі важна – правільна раздаіць карову. Калі гэтага дамагчыся, можна спадзявацца, што многія праблемы малочнага статка ў будучыні нас абмінуць.

Непасрэдна стараюцца над раздоем у спецыяльным цэху комплекса аператары машыннага даення Лідзія Янаўна Пузачова, Марына Васільеўна Кашчык. А перадаюць ім будучых каровак з дарошчвання Мікалай Валянцінавіч Кананок, Таццяна Аляксееўна Іванова.

На вялікім малаку, назаву яго так, працуюць аператары машыннага даення Алена Аляксееўна Яраш, Наталля Віктараўна Клюкач, Аксана Васільеўна Варанецкая. І, вядома, нельга не назваць яшчэ аднаго чалавека, ад якога ў многім залежыць якасць надоенага малака – слесара-аператара даільнай залы Мікалая Рыгоравіча Пузачова. Ён наглядае за работаю абсталявання, яго спраўнасцю, чысцінёю. Тут зусім будзе дарэчы адзначыць, што якасць малака ў лютым 2017 года дасягнула на комплексе абсалюта – 100 працэнтаў надою рэалізавана гатункам “экстра”.

Гэта, вядома, не ўсе работнікі зладжанага калектыву, праца якіх варта станоўчай адзнакі. “За кадрам” вось застаўся пакуль і загадчык комплекса Мікалай Генадзьевіч Слушко. Узначальвае малочную вытворчасць ён ад першага дня работы комплекса, а ўсяго ў жывёлагадоўлі цяпер ужо КСУП “Хвінявічы” працуе 32 гады.

Комплекс плюсаваў па ўсіх асноўных паказчыках (па валавым надоі, па надоі ад адной каровы, па рэалізацыі ў фізічнай вазе, па гатунковасці прадукцыі) летась. Плюсуе і сёлета.

Агранамічная служба гаспадаркі забяспечыла мясцовую жывёлагадоўлю нядрэнным запасам травяністых кармоў. Праўда, канцэнтраванага фуражу не стае, не паспрыяла летась надвор’е каласавым культурам на нівах. Патрэба ў канцэнтратах сёлета задаволена толькі напалавіну. Нястачу даводзіцца кампенсаваць намаганнямі заатэхнічнай службы па балансаванні кармоў па спажыўных рэчывах. Часткова гэта ўдаецца, пра што сведчыць і самы  галоўны вынік работы комплексу “Парэчча 777” за мінулы год. Атрымана 2226 тысяч рублёў (у старых цэнах, хто яшчэ канчаткова не прывык да новых, гэта – больш за 22 мільярды рублёў) выручкі ад рэалізацыі малака. Рэнтабельнасць вытворчасці малака за 2016 год склала 49,7 працэнта.

Б. ВАРНА
Фота аўтара

Комплекс “Парэчча 777”.

Семінар-вучоба па селекцыйнай рабоце на комплексе “Парэчча 777”.

Падзячнымі пісьмамі РК прафсаюза работнікаў АПК адзначаны ў 2016 годзе лепшыя работнікі “Парэчча 777” (злева направа): аператар Н. Клюкач, загадчык комплекса М. Слушко, аператар А. Яраш, старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК У. Казак, аператар А. Варанецкая.

У “абедзеннай” зале “Парэчча 777”.

Бесклапотнае “дзяцінства” будучых каровак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *