Хакей “Залатой шайбы”

Спорт і турызм

У 1997 годзе ў Беларусі ў рэспубліканскім фармаце быў адроджаны знакаміты ўсесаюзны турнір для дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба”. З таго часу апякуецца над ім Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Пастаяннымі ўдзельнікамі турніру на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях з’яўляюцца каманды Дзятлаўскага раёна.

Раённы турнір

Сёлета раённы турнір прайшоў у трох узроставых групах: малодшай, сярэдняй і старэйшай. У папярэднія гады хлопцы спаборнічалі ў двух групах. Сёлетняя трэцяя ўзнікла з жадання юных хакеістаў і прапановы бацькоў. Марозная зіма выдалася даволі працяглая: лядовы каток на гарадскім стадыёне ў Дзятлаве працаваў 36 дзён, і часу на хакейныя баталіі хапіла ўсім узростам.

Выставілі каманды ў раённы турнір шэсць школ: абедзьве дзятлаўскія і гімназія, Казлоўшчынская, Наваельнянская і Гезгалаўская. Амаль усе лаўры дасталіся дзятлаўчанам.

У малодшай узроставай групе перамагла каманда СШ №3. Сярэбраны прызёр – Казлоўшчынская СШ, бронзавы – СШ №1.

Пераможца ў сярэдняй узроставай групе – СШ №1. Сярэбраны прызёр – СШ №3, бронзавы – гімназія.

У старэйшай узроставай групе перамагла  СШ №3. Сярэбраны прызёр – гімназія, бронзавы – СШ №1.

Лепшымі бамбардзірамі ў групах сталі Дзмітрый Дзірвук (малодшыя, 17 шайбаў), Мікіта Ёда (сярэднія, 3 шайбы), Арцём Урбановіч (старэйшыя, 12 шайбаў).

Абласны турнір. Малодшая група

У час раённага турніру адбыўся прагляд і фарміраванне зборных камандаў раёна для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах. На абласной арэне традыцыйна спаборнічаюць каманды двух узроставых груп. Першымі на лідскі лёд (абласныя турніры “Залатой шайбы” апошнія восем гадоў нязменна праходзяць ў Лідзе) выйшла малодшая каманда Дзятлаўскага раёна. Дзятлаўчане ў групе “А” паслядоўна абыгралі  сапернікаў з Мастоўскага (7:0), Ваўкавыскага (6:1), Смаргонскага (4:1) раёнаў, выйшлі ў фінал.

У фінале нашым супрацьстаяла грозная каманда Шчучынскага раёна. Шчучынцы за тры матчы ў групе “Б” закінулі 28 галоў і ніводнага не прапусцілі. Як неўзабаве акажацца, не прапусцяць яны за турнір увогуле ніводнай шайбы. Нашы ў фінале нічога не змаглі ім супрацьпаставіць і саступілі 0:11. Што ж, у спорце бывае і не такое. Гэта важкая лыжка дзёгцю ў сярэбранай бочцы дзятлаўчан, вядома, падпсавала ўражанне ад турніру, але ўсё-такі трэба прызнаць іх выступленне паспяховым. Асабліва з улікам таго, што тры гады запар дзятлаўская каманда малодшага ўзросту нязменна гуляе ў фінале: у 2015 годзе стала сярэбраным прызёрам, летась – выйграла турнір, сёлета – зноў сярэбраная.

За дзятлаўскую каманду выступалі: Міхаіл Петрыкевіч, Дзмітрый Дзірвук, Раман Котаў, Яўген Місілевіч, Раман Кучынскі, Ягор Салавей, Ілья Пятраш, Мікіта Калашнікаў, Іван Губко, Артур Максімчык, Максім Салаўёў, Іван Заталокін, Ягор Лазута, Яўген Ёда, Уладзіслаў Касцюкевіч, Аляксей Сачык, Ілья Халадкоў, Яўген Кашко. Лепшым форвардам не толькі каманды, але і ўсяго турніру, судзейская калегія назвала дзятлаўчаніна Максіма Аляксейчыка (закінуў 9 шайбаў).

Абласны турнір. Старэйшая група

Праз тыдзень у драматычным матчы зноў сустрэліся дзятлаўская і шчучынская каманды. Да таго дзятлаўчане выйгралі турнір у групе “Б”, абыграўшы Зэльву (18:0), Астравец (5:1), Бераставіцу (3:1), выйшлі ў фінальную групу. Фінальную групу склалі тры каманды – пераможцы групаў “А”, “Б”, “В”.

У першым матчы фінальнага турніру супрацьстаялі нашым, леташнім сярэбраным прызёрам, менавіта шчучынцы. У групе “В” яны занялі толькі другое месца, прайграўшы лідчанам 1:6. Але пераможцы ў групе  – лідчане – выступалі па-за залікам, іх месца ў фінале занялі шчучынцы. Дзятлаўчане будуць выйграваць па ходу матча, але ўпусцяць перамогу на апошняй хвіліне – 3:3.

У наступным матчы двухразовы чэмпіён (2015, 2016) – каманда з Карэлічаў (пераможца групы “А”, тры перамогі пры рознасці шайбаў 31:0) нечакана прайграла шчучынцам 0:3. І не пакінула дзятлаўчанам варыянтаў для чэмпіёнскага тытула, акрамя перамогі ў апошнім матчы з розніцаю ў тры шайбы. І гэта было зроблена. Дзятлава – Карэлічы – 6:3. Якраз плюс тры. І з улікам таго, што дзятлаўчане ў фінальным турніры пры роўнасці набраных ачкоў і роўнасці ў розніцы забітых-прапушчаных шайбаў, забілі галоў больш, чым шчучынцы, яны – чэмпіёны.

Перамогу на лідскім лёдзе кавалі Кірыл Кучынскі (судзейская калегія прызнала яго лепшым галкіперам турніру), Дзяніс Кашко (лепшы бамбардзір каманды, 9 шайбаў), Арцём Урбановіч, Аляксандр Шышня, Мікіта Ёда, Вадзім Райдзюк, Іван Панасевіч, Яўген Жэгала, Максім Аляксейчык, Вадзім Уласевіч, Дзмітрый Русін, Дзмітрый Дзірвук, Ілья Крупіца, Міхаіл Даніловіч, Уладзімір Емяльянчык, Дзмітрый Касцюк, Ілья Котаў, Андрэй Шымановіч.

Рэспубліканскі турнір

20 – 22 сакавіка ў Пружанах (Брэсцкая вобласць) каманда Дзятлаўскага раёна – чэмпіён Гродзенскай вобласці ў старэйшай узроставай групе – выступіць у рэспубліканскім турніры “Залатая шайба” (дывізіён “Б”). Яе сапернікамі будуць каманды з пяці абласцей Беларусі – Магілёўскай, Мінскай, Гомельскай, Віцебскай, Брэсцкай.

Пахвальнае слова трэнерам

Школьныя каманды да раённых турніраў і зборнікаў для раённых камандаў у гэту зіму рыхтавалі дзятлаўчане Уладзімір Якаўчык, Аляксандр Жэгала, Станіслаў Плюта, Мікалай Юрчык з Казлоўшчыны. Фарміраваў зборныя каманды для ўдзелу ў абласных і рэспубліканскім турнірах Дзмітрый Ёда. Часта з хлопцамі на трэніровачных занятках у Баранавічах быў Аляксей Петрыкевіч.

Б. ВАРНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *