Гатоўнасць да вясны

Падзеі

Рабочыя групы кіраўнікоў і спецыялістаў райвыканкама праверылі гатоўнасць сельгастэхнікі да вясновых работ

У аўторак, 14 сакавіка, у раёне адбыўся агляд гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі да вясновых палявых работ. Пяць рабочых груп, якія ўзначалілі старшыня райвыканкама А. Дубовік, старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Бараноўскі, першы намеснік старшыні райвыканкама М. Бабіна, намеснікі старшыні райвыканкама Ю. Залеўскі, А. Жыдко наведалі сельгаспрадпрыемствы раёна.

Рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама А. Дубовіка працавала ў КСУП “Хвінявічы”. У час праверкі абышліся без звыклай па мінулых гадах “лінейкі гатоўнасці”. Абсалютная большасць тэхнікі, што падлягала кантролю, практычна пацвердзіла сваю гатоўнасць работаю ў полі. На палетку за вёскаю Парэчча механізаваны атрад з шасці трактараў уносіў у глебу арганічныя ўгнаенні, і тут жа ішло іх заворванне.

Яшчэ адзін дужы “Беларус-3022” за вёскаю Хвінявічы вёў ворыва васьмікорпусным плугам пад пасеў ячменю, патлумачыў галоўны аграном гаспадаркі” А. Навагран. Моцна насычаная вільгаццю глеба тут паддавалася цяжка, але работа усё ж пасоўвалася наперад.

На другім вытворчым участку пад Рудою Яварскаю таксама ішло ворыва. Тут працаваў больш лёгкі “Беларус-1221” з чатырохкорпусным плугам.

На мехдварах у Хвінявічах і Рудзе Яварскай ішоў рамонт некалькіх сельгасмашын і агрэгатаў. Старэйшына механізатарскага корпуса “Хвінявічаў” Анатоль Браніслававіч Лаўнік пацвердзіў, што са сваім рамонтам справіцца за два дні. А вось над пагрузчыкам, які пільна патрэбны якраз гэтымі днямі, давядзецца механізатарам пакалдаваць – “застукаў” матор.

Рабочая група цікавілася ў КСУП “Хвінявічы” не толькі гатоўнасцю тэхнікі, але і забяспечанасцю мінеральнымі тукамі пад вясновую сяўбу, іх захаванасцю. Мінералка – азотныя, калійныя, фосфарныя тукі і мікраэлементы (у прыватнасці, бор, медны купарос) – захоўвалася належным чынам.

Б. ВАРНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *