Дзякуем за прыём!

Падзеі

На базе Дзятлаўскага раёна ладзіліся практычныя выязныя заняткі для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі кадраў органаў дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання Гродзенскага аблвыканкама.
Карэспандэнтка газеты пацікавілася, як госці ацанілі работу, якая праводзіцца ў нашым раёне, што цікавага і карыснага знайшлі для сябе.

Анатоль Васільевіч Міленцьеў, намеснік дырэктара па ідэалагічнай, кадравай рабоце і ахоўнай дзейнасці філіяла «АграНёман» ААТ «Лідахлебапрадукт» Навагрудскага раёна:

— Такія сустрэчы карысныя ў плане стасункаў: людзі дзеляцца думкамі, пазнаюць новае. Мы шмат даведаліся пра Дзятлаўшчыну, прагледзелі відэастужку пра раён. Дарэчы, я раней жыў у Гезгалах і добра ведаю мясцовасць. Тут многае памянялася да лепшага: зроблена шмат, горад прыгожы і чысты.

Што тычыцца вопыту работы, то мы атрымалі дыскі з інфармацыяй, патрэбнай работнікам ідэалагічнага сектара. Уважліва ўсё прагледжу і змагу выкарыстаць што-небудзь для сябе.

Юлія Уладзіміраўна Сакач, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце КСУП «Імя Дзяржынскага» Слонімскага раёна:

— Падобныя мерапрыемствы патрэбныя, бо гэта — абмен вопытам. Я звяртаю ўвагу на наглядную агітацыю, формы і метады правядзення работы, узаемадзеянне паміж рознымі структурамі: раённымі арганізацыямі, райвыканкамам і арганізацыямі. Усё гэта дапаможа мне ў далейшай рабоце. На Дзятлаўшчыне я не першы раз. Сёння маю ўвагу прыцягнула адукацыя, бо я сама па спецыяльнасці педагог. Спадабаліся формы і метады работы ў школе, афармленне самой установы. Бачу, што ідэалагічная работа ў раёне цесна пераплятаецца з выхаваўчай у школе. У сваёй далейшай практыцы таксама хачу зрабіць на гэта акцэнт.

Вольга Віктараўна Лахач, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Войневічы» Дзятлаўскага раёна:

— Я сама нарадзілася і працую на Дзятлаўшчыне. Мне спадабаліся гэтыя практычныя заняткі: усё цікава і карысна. Былі такія моманты, пра якія раней я не ведала. Падобныя курсы дапамагаюць развівацца, даведвацца новае. У мяне ёсць пэўныя прафесійныя напрацоўкі, аднак калі я вярнуся ў сваю гаспадарку, то некаторыя моманты абавязкова дапрацую, дадам тое, што найбольш спадабалася. Мы са слухачамі курсаў таксама дзелімся паміж сабой прафесійным вопытам, думаю, гэта карысна для кожнага.

Рэната Міхайлаўна Янушко, выконваючая абавязкі намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Баума» Іўеўскага раёна:

— Я ўпершыню на выязных занятках, бо на пасадзе толькі некалькі месяцаў. Вельмі цікава. Усё новае, неабходнае для работы. Давядзецца абагульніць атрыманую інфармацыю, узяць лепшае, як дапаўненне да сваёй работы. Менавіта мяне найбольш зацікавілі экскурсіі. Мы пабылі ў сярэдняй  школе №1 горада Дзятлава. Спадабалася і выстава льнозавода, атрымалі яшчэ адно запрашэнне — у музей «Дзеці ліхалецця» Наваельнянскай школы. Магчыма, я прапаную нашым педагогам прыехаць на Дзятлаўшчыну з экскурсіяй, пабыць у гэтых музеях. Адным словам, такія сустрэчы дапамагаюць не толькі шмат даведацца, але і наладзіць абмен вопытам, сяброўскія сувязі паміж раёнамі.

Яўген Андрэевіч Пархамовіч, выконваючы абавязкі намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Племзавод Карэлічы» Карэліцкага раёна:

— Падобныя практыкумы карысныя для ўстанаўлення сяброўскіх адносінаў паміж ідэолагамі розных раёнаў, перайманне прафесійнага вопыту. Я выконваю абавязкі намесніка па ідэалогіі толькі месяц, аднак з кожным днём гэта работа ўсё больш зацікаўлівае. Асабліва спрыяюць развіццю прафесійнай цікавасці падобныя заняткі. Сёння мы наведалі школу,  ідэалагічная база якой на высокім узроўні. Спадабалася вялікая колькасць фотаздымкаў, у нашым раёне гэта менш практыкуецца. Думаю, у далейшай сваёй рабоце я пастараюся таксама наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі. Дыскі і метадычная інфармацыя таксама будуць дарэчы.

Алена Сяргееўна Падмаско, галоўны спецыяліст па ідэалагічнай і кадравай  рабоце СПУ «Пратасаўшчына» ПРУП «Гроднааблгаз» Шчучынскага раёна:

— Гэта не першыя курсы павышэння кваліфікацыі для мяне, і не першыя практычныя заняткі. Ёсць з чым параўноўваць, ёсць што ўзяць для сябе. Мінулы раз наведвалі Мастоўскі раён, знаёміліся з сельскай гаспадаркай, на Дзятлаўшчыне прадстаўлены  адукацыя, арганізацыі і прадпрыемствы. Мяне вельмі зацікавілі вырабы з лёну, бо ў нашым раёне такой вытворчасці няма. Атрыманы вопыт трэба будзе абагульніць, адаптаваць для выкарыстання ў рабоце. Абмен вопытам — гэта заўсёды карысна.

Кацярына Уладзіміраўна Янковіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Беліца-Агра» Лідскага раёна:

— Семінар спадабаўся. Усё данеслі дасціпна, выдатна аформілі. Мы пазнаёміліся з Дзятлаўшчынай.

Ідэалагічная работа тут наладжаны на высокім узроўні. Спадабалася развіццё вашага раёна. У вас наладжана цеснае ўзаемадзеянне прадпрыемстваў і арганізацый, сфераў соцыуму. Я нядаўна на пасадзе, паглядзела, як працуюць вашы спецыялісты-ідэолагі, і пастараюся раўняцца на іх. Зацікавіла і сярэдняя школа №1 горада Дзятлава: арыгінальным афармленнем, высокім узроўнем арганізацыйнай работы. Сёння мы атрымалі дыскі з рэкамендацыямі і метадычную інфармацыю, што аблегчыць нам работу. Цяпер можна адразу пачынаць вывучаць ваш вопыт. Такія сустрэчы варта праводзіць для розных спецыялістаў, не толькі для ідэолагаў.
Ганна Іосіфаўна Міхаленка, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце РСУП «Алекшыцы» Бераставіцкага раёна:

— Я ужо некалькі разоў была на курсах павышэння кваліфікацыі, і для мяне гэта не навінка. Мы і самі ў сваёй гаспадарцы прымаем гасцей рознага ўзроўню, любім у каго-небудзь вучыцца. Не варта думаць, што ты лепшы — гэта канец кар’еры. Калі я куды-небудзь выязджаю, стараюся назапасіць для сябе карыснай інфармацыі: запісваю, фатаграфую.

Найбольш мне спадабалася ваша інтэрактыўная выстава, бо на адной пляцоўцы тут сабрана ўсё, не трэба марнаваць час на пераезды. Калі пераязджаць з прадпрыемства на прадпрыемства, фізічна не паспееш усё паглядзець. Падабаецца ўзаемадзеянне арганізацый, пераемнасць пакаленняў.

Работа на Дзятлаўшчыне вядзецца на дастойным узроўні, столькі інфармацыі, банэраў, фотаздымкаў не збярэш за дзень. Спецыялісты вашы «хварэюць» душой за сваю справу, усё прапушчана праз сэрца, яны выдатна ведаюць тое, што сёння нам расказваюць. Я шмат пабачыла, і Дзятлаўшчына мне вельмі спадабалася. Дзякую за прыём!

Паверце, мне ёсць з чым параўноўваць, бо наша гаспадарка — адна з лепшых у вобласці.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота Н. АВЯРЧУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *