У 2017 годзе ў Беларусі адзначаюць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. З гэтай нагоды на базе Дзятлаўскай раённай бібліятэкі прайшоў семінар бібліятэчных работнікаў “Духоўна-маральнае выхаванне карыстальнікаў у бібліятэчным асяроддзі”.
Праграма семінара ўключала правядзенне Дня праваслаўнай кнігі. Бібліятэкі Дзятлаўшчыны прадаўжаюць удзельнічаць у бібліятэчнай мэтавай праграме “На шляху да духоўнасці”, а таму Дзень праваслаўнай кнігі стаў для іх традыцыйным. Мэта мерапрыемства – яшчэ раз звярнуць увагу людзей на карысць, якую прыносіць праваслаўная кніга, далучэнне да сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцей.
Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі протаіерэй Мікалай Пінчук. У пачатку мерапрыемства яго ўдзельнікі змаглі зрабіць гістарычны відэаэкскурс па гісторыі беларускага кнігадрукавання. Літаратурна-музычная кампазіцыя “Шлях да храма” была прысвечана 700-годдзю з дня заснавання Навагрудскай епархіі. Акрамя таго, прысутныя даведаліся аб праваслаўных храмах Дзятлаўшчыны. Больш падрабязна супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу засяродзілі ўвагу на гісторыі храма Прэабражэння Гасподняга ў горадзе Дзятлаве.
Да мерапрыемства работнікі бібліятэкі арганізавалі выставу-агляд праваслаўных кніг “Цуды праваслаўя”. Для карыстальнікаў бібліятэкі была прадстаўлена выстава-кірмаш “Свет праваслаўя”.
С. СЕРБІН,
загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу