Слонімскія дзялкі

Падзеі

У студзені 2017 года фінансавай міліцыяй узбуджана крымінальная справа па артыкулу 243 (частка 2) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за ўхіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры ў дачыненні чатырох грамадзян, што звязаны паміж сабою сваяцтвам. А гісторыя такая.

Яшчэ у 2015 годзе пад увагу фінансавай міліцыі трапіла слонімская фірма, кіравалі якой муж і жонка, жыхары Слоніма. Падатковая праверка фірмы выявіла, што частка пярвічных дакументаў па здзелках са сталічнымі фірмамі з’яўляецца непраўдзівай, дакументы не маюць юрыдычнай сілы з прычыны таго, што фірмы, па сутнасці, з’яўляюцца падманнымі структурамі і не ажыццяўляюць рэальную гаспадарчую дзейнасць.
Да прыкладу, дырэктар адной з іх раней адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, а цяпер не вызначаецца, так бы мовіць, прыстойным ладам жыцця. Ён, дарэчы, і патлумачыў, што дачынення да дзейнасці прадпрыемства не мае, а дырэктарам з’яўляецца толькі фармальна і ні пра якія здзелкі са слонімскай фірмай не чуў.

Між тым сума нявыплачаных у бюджэт падаткаў па фіктыўных здзелках склала звыш 400 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Акрамя таго, у фінансавай міліцыі ўзнікла пытанне: адкуль у слонімскіх дзялкоў дакументы сталічных падманных прадпрымальнікаў?

Адказ на пытанне нечакана прыйшоў у 2016 годзе, калі Дэпартамент фінансавых расследаванняў спыніў дзейнасць чарговай злачыннай групы, якая займалася незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю – выдавала разнастайным суб’ектам гаспадарання пярвічныя ўліковыя дакументы ад імя падманных прадпрымальніцкіх структур. Сярод кіраўнікоў гэтай злачыннай групы былі выяўлены…дачка і зяць слонімскіх фірмачоў.

Вынік наступны: у дачыненні да ўсіх чатырох асобаў Слонімскім МА УДФР узбуджана крымінальная справа за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і за спрыянне гэтаму. Пакараннем за такое цяжкае злачынства можа быць пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў.

С. ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага МО УДФР КГК Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *